Маджонг, го і хун пао: якія страшныя словы можна было вывучыць на дні адкрытых дзвярэй у тайм-кафэ “Партал”

– Шахматысты не пагадзяцца, але ў шахматах і шашках збольшага усё адкрыта і адыграна, – тлумачыць Павел цікавасць да больш “экзатычных” усходніх гульняў. – А ўсходніх гульняў многа, яны больш старажытныя.

 

Павел сцвярджае, што правілы кожнай гульні лёгкія і зразумелыя ад пачатку. Але глубіню можна зразумець толькі праз некалькі партый.

 

 

Маджонг

 

Азартная гульня на чатыры чалавекі. Ёсць дзве версіі – кітайская і японская або “рычы”. Мэта – набраць як мага больш балаў.

 

 

 

Го

 

Гульня на захоп тэрыторыі. Калі шахматы імітуюць бой, то го – гэта вайна. “Можна прайграць кавалачак тэрыторыі, але выйграць вайну”, – кажа Павел. На Усходзе людзі граюць у розныя варыяцыі го. Гульня разлічана на двух чалавек.

 

 

 

Сёгі

 

Гульня, падобная да шахмат. Мэта гульні – паставіць мат каралю. Там ёсць фігуры, якія ходзяць так, як у шахматах. Адрозненне ў гульнявым полі: у шахматы граюць на полі 8×8 клетак, а ў сёгі – 9х9. Ад таго, што дадалі адну клетку ў кожным шэрагу, колькасць хадоў павялічылася кардынальна.

 

 

 

Лекцыю пра ўсходную культуру і філасофію прачытаў выкладчык ГрДУ Аляксей Манько.

 

 

– У гульнях адлюстраваўся стыль мыслення, логіка і культура цывілізацый, якія іх спарадзілі ці пераасэнсавалі пад сябе. Усе тыя гульні ўвасаблялі гульні палкаводцаў і адлюстроўвалі мастацтва вядзення вайны, – кажа Аляксей.

 

На Усходзе па настольных гульнях ствараюцца такія ж гульнявыя індустрыі, як у “Формуле 1”, футболе ці хакеі. Прафесійны гулец у настольныя гульні мае столькі ж прэстыжу, колькі спартовец.

 

 

Беларусу стаць чэмпіёнам па ўсходніх гульнях амаль немагчыма. Людзі на Усходзе вучацца гэтаму з 3-5 гадоў. Сучасныя пераможцы сусветных чэмпіянатаў – гульцы 19-30 гадоў. У Беларусі ў гэтым узросце часам толькі адбываецца знаёмства з гульнямі.

 

Цікавасць да ўсходняй культуры ёсць сёння ва ўсім свеце. Звязана гэта з тым, што на Усходзе сур’ёзна адносяцца да прасоўвання сваёй культуры і ўкладваюць туды вялікія грошы.

 

 

– Зараз культуры актыўна ўзаемадзейнічаюць. У Беларусі ёсць рух анімэшнікаў, клубы ўсходніх гульняў, атрымала распаўсюджанне ўсходняя кухня, – кажа Аляксей.

 

Вучымся рабіць японскую страву разам з сушы-майстрам кафэ “Kioto”


Як правільна выбраць і запарыць гарбату: парады ад “чайнага п’яніцы” Аляксандра

 

На чайнай цырымоніі наведвальнікі пакаштавалі да хун пао, малочны улун і іншыя элітныя гатункі кітайскай гарбаты. Яны пілі гарбату са спецыяльнага посуду – піалы. Цырымонію правёў Аляксандр Куваннікаў з кропкі продажу “Чаю чай”. Ён даваў парады, якую гарбату лепш купляць, як правільна яе заварваць, і ў якім посудзе. Аляксандр у свой час захапіўся гарбатай і замяніў ёй хімічныя рэчывы і алкаголь.

 

 

Скончыўся дзень адкрытых дзвярэй праглядам карэйскага фільма пра гульцоў у Го.

 

 

Кожную сераду ў “Партале” можна пагуляць ва ўсходнія гульні, а кожны панядзелак – у шахматы, дзе КМС вучыць гуляць і грае з аматарамі.