Гарадзенскія парашутысты адкрываюць новы сезон, а кіраўніцтва аэраклуба марыць пра ўласны самалёт

У гарадзенскіх парашутыстаў новы скачковы сезон супаў з юбілейнай датай – 25-годдзем аэраклуба. У першы дзень новага сезону, 8 мая, на старым аэрадроме спартоўцы здавалі залікі пасля зімовага перапынку, а кіраўніцтва правярала гатоўнасць парашутыстаў і будавала планы на будучы сезон.


На пляцоўцы аэрадрома прайшлі вучэбна-трэніровачныя скачкі. Скакалі ў асноўным спартоўцы, у якіх стаяла задача аднавіцца пасля зімовага перапынку. Пасля скачкоў, якія амаль усё выканалі на выдатна, спартоўцы адправіліся здаваць нарматывы па фізічнай падрыхтоўцы.

 

 

“Тэрмінова хлопцаў нам!” Парашутыстка з Гродна расказвае, як навучыцца лятаць у аблоках

 

У аэраклубе свайго самалёта няма, кіраўніцтва арандуе яго ў авіякампаніі “Гродна”. Але дырэктар клуба Канстанцін Царык не выключае, што калі-небудзь яны набудуць і ўласны.


“Дасць Божа, будзе ў нас самалёт. За гэтыя 25 гадоў для нас галоўнае – бяспека. За гэты час у нас не загінуў ніводзін чалавек. Траўмы былі і ад гэтага не ўцячы. Але самае галоўнае, што парашутысты годна выходзілі з сітуацый. За час існавання аэраклуба падрыхтавалі вельмі шмат людзей. Многія з іх цяпер служаць ва узброеных сілах, а хтосьці звязаў сваё жыццё з грамадзянскай прафесіяй”, – кажа Канстанцін.

 

 

Штогод аэраклуб набірае ў групы для навучання школьнікаў і студэнтаў. Прыязджаюць скакаць і з вобласці. Як і ў папярэдніх гадах, сёлета аэраклуб прапануе гарадзенцам скачкі з парашутам на платнай аснове.


“Чалавек прыязджае ў дзень скачкоў, з ім праводзяць спецыяльную падрыхтоўку, і ён самастойна скача з вышыні 700-800 метраў. Таксама ёсць у нас тандэм – скачкі з інструктарам – гэта вышыня ўжо 2500 метраў”, – кажа Канстанцін.

 

Кошты ў аэраклубе не падымалі ў параўнанні з мінулым годам. Самастойны скачок каштуе 850 тысяч рублёў. Тандэм абыйдзецца ў 2,5 мільёны.


“У нас ёсць аэрадром, мы яго захавалi, гэта вельмі важна для нас і для горада. У наступным годзе наш аэрадром будзе адзначаць 105 год. У планах выставіць вакол яго агароджу, а таксама ўдасканаліць базу”, – працягвае Канстанцін.

 

У канцы чэрвеня на пляцоўцы аэрадрома пройдзе аэрафестываль лёгкаматорных самалётаў, верталётаў і іншай лятальнай тэхнікі. Там таксама можна будзе скокнуць з парашутам.