Гарадзенскіх бамжоў адправілі ў “адпачынак”. Цяпер яны начуюць у кустах на Савецкай плошчы

Ужо некалькі дзён на Савецкай плошчы ў густым кустоўі праводзяць людзі, якія яшчэ нядаўна жылі ў доме начнога знаходжання для асоб без пэўнага месца жыхарства. Бяздомныя пенсіянеры распавядаюць, што ў доме, дзе яны правялі зіму, іх адправілі ў “акадэмічны адпачынак”, бо на двары добрае надвор’е.


“Цяпер месяц, а то і больш, мы вымушаны шукаць сабе на вуліцы месца, каб дзе-небудзь пераначаваць. У доме нібыта рамонт збіраюцца рабіць. Але я ўпэўнены, што нас там проста не хацелі бачыць, вось і адправілі ў адпачынак”, – кажа Іван, які ў доме начнога знаходжання жыў з самага яго адкрыцця і ўжо некалькі гадоў чакае месца ў Доме інвалідаў.

 

 

У самой начлежцы “Твайму стылю” распавялі, што ў такі “водпуск” адпраўляюць не ўсіх, а перш за ўсё глядзяць на становішча чалавека. Зараз у доме ёсць свабодныя пакоi, але яны прадастаўляюцца толькі тым, хто рэальна мае ў іх патрэбу. Іван з сяброўкай лічаць, што іх адправілі на вылiцу, бо яны там могуць выжыць у параўнанні з іншымі.

 

Харчавацца бедным прапануюць у бясплатнай сталоўцы на вуліцы Маркса, якую арганізавала каталіцкая дабрачынная арганізацыя “Карытас”. Бяздомных штодня можна сустрэць таксама ля Свята-Пакроўскага сабора, дзе яны просяць міласціну.

 

“Заходзь, не трэба саромецца”. Як у Гродне бясплатна кормяць бедных і валацуг

 

Што тычыцца жылля, то на Савецкай плошчы пенсіянеры плануюць жыць пакуль іх не прагоняць.

 

 

Гарадзенскі гарадскі дом начнога знаходжання асоб без вызначанага месца жыхарства дзейнічае са жніўня 2008 года. Асноўная мэта ўстановы – садзейнічаць аднаўленню страчаных грамадска-карысных сувязей і прадстаўляць начлег асобам без вызначанага месца жыхарства.

 

Таксама ў гэтым доме прадастаўляецца часовае жыллё людзям, якія прыбылі з месцаў пазбаўлення волі і страцілі сацыяльныя і сямейныя сувязі. За гэтым аддзяленнем замацаваны тры жылыя пакоі.

 

У 2015 годзе ва ўстанову з рознымі заявамі, хадайніцтвамі і просьбамі па аказанні сацыяльнай дапамогі і падтрымкі звярнулася 399 грамадзян, якія адносяцца да катэгорыі асобаў без вызначанага месца жыхарства (2014 г. – 383 чал.).

 

Горад засынае, прачынаюцца “чысцільшчыкі”. Як гарадзенцы ноччу цягаюць метал, каб зарабіць на жыццё