У Гродне закрываецца “Гіпа”. Яго заменіць чарговы “Еўраопт”?

Гіпермаркет, які адкрыўся ў верасні 2015 года, аказаўся незапатрабаваным у жыхароў Гродна. Цяпер асноўныя пастаўкі ў “Гіпа” спыненыя і практычна ўся прадукцыя распрадаеца са зніжкамі.

 

Бясплатная каўбаса і зніжкавыя карты: у Гродне адкрылі першы гіпермаркет “Гиппо”

 

Гарадзенцы не губляюць магчымасць і ўжо з першага дня распрадажаў кінуліся ў гіпермаркет.

 

Цэны на большасць тавараў зніжаныя на 20%. Зніжка не закранула толькі мяса-малочныя i гатовыя прадукты, які хутка псуюцца. Распродаж працягнецца да дня закрыцця крамы – 22 мая.

“Грабуць ўсё, не паспяваем выносіць” – з усмешкай кажа грузчык.

 

Але насамрэч карэспандэнт “Твайго стылю” не заўважыў, каб разбіралі літаральна ўсё. У кожным аддзеле ёсць людзі, але перад тым, як нешта ўзяць, яны абавязкова правяраюць цэннік.

 

“Нешта, я не ўбачыла істотнай розніцы ў цане. На пэўныя тавары зніжка ёсць, але дакладна не на ўсё”, – кажа жанчына, якая регулярна наведвае “Гіпа”.

 

 

Як аказалася, не ўсе прадаўцы ведалі загадзя пра закрыццё гіпермаркета. Напрыклад, Вольга, як і многія яе калегі, даведалася толькі ў пятніцу ў абед, калі прачытала навіну ў інтэрнэце.

 

“Вядома, заклапочана, што нас чакае [аўт. – работнікаў больш за 200] невядома. Толькі сёння даведаліся, што крама спыняе працу ў Гродне. Час цяпер цяжкi, галоўнае каб мы не апынуліся на вуліцы”.

 

Аднак работнікаў гіпермаркета запэўнілі, што нікога звальняць не будуць. Усіх возьме на працу новы рытэйлер, які возьме сабе краму.

 

Пра тое, што “Гіпа” зменіць шыльду, казалі ўжо даўно. Па чутках, на гэтых плошчах магла б размясіцца яшчэ адна “Карона”. Але па інфармацыі “Твайго стылю”, фірма не плануе адкрываць у горадзе яшчэ адзін гіпермаркет і шукае месца, каб адкрыць адносна невялікую краму – не больш 1000 кв.м. Найбольш верагодны новы ўладальнік крамы – “Еўраопт”. Пра тое, што ён будзе новым працадаўцам, кажуць многія супрацоўнікі “Гіпа”.

 

Адна з жанчын, якая стаяла ў чарзе, не хавала абурэння, бо ёй надта не падабаюцца крамы “Еўраопт” – яна лічыць іх нізкаўзроўневымі:

 

“Толькі не гэты свінарнік! “Еўраопты” на кожным кроку, а выбару ніякага. Лепш “Карона”. І наогул, мне “Гіпа” падабаецца, тут заўсёды добрыя прадукты і тавары. І, галоўнае, узровень высокі. Я лепш пераплачу 10-15 тысяч, але мне будзе прыемна ў гэтай краме”.

 

 

Тое, што плошча ў 5200 кв.м. у гандлёвым цэнтры OldCity пуставаць не будзе, вядома дакладна. Ці будзе новым арандатарам “Еўраопт”, будзе вядома бліжэй 22 мая.