Гарадзенец з ДЦП, якога пазбавілі пасведчання кіроўцы, працягвае змагацца за права кіраваць аўто

|

Нагадаем, Аляксандр Зімін, нягледзячы на дыягназ ДЦП, атрымаў пасведчанне кіроўцы ў 2011 годзе і тры гады кіраваў аўтамабілем без парушэнняў. Калі ён вырашыў памяняць пасведчанне кіроўцы без права найма на працу на пасведчанне з такім правам, яму не выдалі новай медыцынскай даведкі і ў выніку пасведчанне ўвогуле анулявалі. Аляксандр хоча вярнуць сабе права кіраваць аўто, а калі гэта не атрымаецца, хоча атрымаць тлумачэнні: згодна з якімі пунктамі заканадаўства і па якіх медыцынскіх паказчыках ён не мае права кіраваць машынай.

 

Гарадзенцу з ДЦП, які тры гады ездзіў без парушэнняў, забаранілі кіраваць аўто

 

Пасля непаспяховага абскарджання рашэння раённай і абласной медыцынскіх камісій у Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры медыцынскай экспертызы і рэабілітацыі год назад, Аляксандр вырашыў праходзіць камісію наноў, пачынаючы з раённай паліклінікі. На кожным этапе ён будзе прасіць тлумачэнне, па якіх медыцынскіх паказчыках яго не дапускаюць да кіравання транспартам.

 

Найперш тэрапеўт у раённай паліклініцы не дала допуск на медыцынскую камісію з-за хваробы сэрца, якая ёсць у запісе медыцынскай карткі за 2010 год. З-за гэтага дыягназа могуць здарацца прыступы і чалавек можна нават страчваць прытомнасць. Таму ўрач накіравала Зіміна на абследаванне і УЗІ сэрца.

 

Абодва абследаванні Аляксандр прайшоў у пачатку мая. На УЗІ дыягназ абверглі. Тым не менш, тэрапеўт накіравала Аляксандра на абследаванне і кансультацыю ў кардыёдыспансер, абгрунтаваўшы гэты тым, што цяпер для медыцынскай камісіі на пасведчанне кіроўцы трэба праходзіць яшчэ і кардыёлага.

 

– У мяне два пытанні: з якога часу на пасведчанне кіроўцы праходзяць кардыёлага, калі яшчэ тыдзень таму мне пра гэта ніхто не казаў? І навошта я патраціў грошы і час на абследаванне, атрымаў вынік, а цяпер мяне ўсё роўна пасылаюць да кардыёлага? – дзівіцца Аляксандр.

 

На кансультацыі ў кардыёлага 19 мая адсутнасць хваробы пацвердзілася. Цяпер Аляксандр будзе праходзіць медкамісію ў звычайным парадку 31 мая.

 

У свой час, калі ўпершыню атрымліваў правы, камісію Аляксандр прайшоў і пры існуючым запісе пра хваробу сэрца. Ён кажа, што менавіта зараз гэты дыягназ дадалі ў спіс захворванняў, якія не даюць права кіраваць транспартным сродкам. Мінулым жа разам, калі Аляксандр дайшоў ажно да Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра медыцынскай экспертызы і рэабілітацыі, там наогул не правялі дадатковага абследавання, а проста ўзялі дадзеныя пяцілетняй даўніны.