Пабачыць “Вочы” на ўласныя вочы. Гурт Юрыя Дубовіка сыграў у Цэнтры культуры Гродна
Юрый расказвае, што гэта музыка прышла да яго нечакана – проста “накрыла хваляй – і пасыпаліся песні”. Cутнасць незвычайных для рокавага музыкі мелодый і словаў ён акрэсльвае як “карнявую”. Таму беларускія словы прышлі самі сабою, хаця ў штодзённым жыцці Юрый размаўляе па-руску. Пазней, калі правяраў вершы па слоўніках, сам здзіўляўся, што ўсе яны аказаліся правільнымі.
Яшчэ адным уласным адкрыццем і следствам “карнявой” прыроды песен стала тое, што яны лёгка пераклаліся на чэшскую мову, захаўваўшы сваю аўтэнтычнасць і беларускасць. У такім варыянце песні “Вачэй” прагучаць у документальным фільме “Васілёва званіца”.
“Натуральна, гэта не чысты фальклёр, а сучасная музыка, – кажа Юрый, – яе пішу я і мае сябры, кожны з іх робіць свой унёсак. Таму і кожны канцэрт гурта можна назваць унікальным. Напрыклад, апошнім разам ў Брэсце на сцэне было тры барабаншчыкі і дзве гітары, а вось зараз у Гродне – усё інакш”.
З тым, што музыка кожны раз нанова нараджаецца і трансфармуецца часам наўпрост пад час канцэртаў, згодны і іншыя музыкі з гурта. Гітарыст Аляксандр Яфімаў прызнаецца – гэта музыка захапляе настолькі, што на сцэне “прыходзіцца стрымліваць сябе, каб не зайграць у любы момант сола і даць пагучаць астатнім музыкам”.
Зацікавіць такіх розных музыкаў і сабраць іх у адзін калектыў, як лічыць гітарыст Зміцер Брытанаў, дапамагла “аўтэнтычнасць і архаічнаць” прапанаваных Дубовікам мелодый. “Паслухаўшы іх, – кажа Зміцер, – адчуў, што Юра беларус, і я таксама беларус, хаця і гаварыць на роднай мове развучыўся. Зараз ведаю і спяваю гэтыя словы напамяць. І хаця можа здавацца, што Юра спявае “смурныя” песні, гэта не так. Ён спявае пра тое, што памятае і спявае гэта зямля”.
Назвы гурта і дэбютнага альбома спалучаюцца і атрымліваеца “Вочы ўсё бачаць”. Музыкі разважаюць, што новая музыка дала новы досвед і адкрыла новыя гарызонты ў творчасці. “Вочы, яны і праўда ўсё бачаць. Так мы робімся сведкамі падзеяў вакол нас. Але не толькі. Бо чалавек можа выбіраць. Куды паглядзяць яго вочы, што ён пабачыць. Гэта ўжо да пытанняў выбару і адказнасці. Раней казалі, што чалавек нясе адказнасць за тыя тэрыторыі, што можа асягнуць позіркам. То вось і мы зараз – як захавальнікі гэтага свету вакол, гэтага ладу ў нашай мясцовасці. Сочым за ім і стараемся, каб гэта яшчэ і загучала”, – разважае Зміцер Брытанаў.
Дар’я Багаслова кажа, што такую музыку іграць вельмі цікава і прыемна – тут ёсць магчымасці для пошукаў і эксперыментаў. Сама яна ў час канцэрту некалькі разоў мяняла інструменты – грала на класічнай флейце, сапілцы і варганах ад алтайскіх і ўкраінскіх майстроў. Ёсць у яе і вельмі падобны да варгана беларускі інструмент – дрымба.
Юля Сямашка, вакалістка групы, распавяла што ўпершыню пачула музыку Юрыя, якая пазней склалася ў альбом, на адным з кватэрнікаў. Музыка зрабіла ўражанне і калі Юліі прапанавалі паспрабаваць спяваць у складзе гурта, то яна адразу згадзілася. “Ці адкрылі “Вочы” нешта навае для мяне? Хутчэй, спроба спеваў у стылі фолк ды яшчэ па-беларуску дазволіла больш ясна ўсвядоміць у якім кірунку я хачу развівацца, куды мне трэба ісці. Бо фолк гэта тое, што нагадвае нам пра нашы карані. Нават не пра бабуль і дзядуль, а пра тое, што мы ўсе вось адсюль выраслі, з гэтай зямлі”.
Бліжэйшыя жывыя канцэрты ў Гродне адбудуцца ў час ХІ Фестывалю нацыянальных культур і, пазней, на авіяшоў.
“Мы ўсе гарадзенскія. У складзе іншых гуртоў і ў гурце “Вочы” часта выступаем у горадзе, – распавядае Юрый Дубовік. – На многія канцэрты, як і на сённяшні – ўваход вольны. Вельмі хочацца данесці музыку да слухачоў, таму робім усё, каб як мага больш людзей атрымалі магчымасць паслухаць нашы песні”.