Вінаватая! Суд вынес прысуд па справе здзекаў з сабакі Лоры
Нагадаем, валанцёры “Адданага сэрца” падалі ў суд на жыхарку аграгарадка Луцкаўляны Таццяну (на фота вышэй злева), якая ўзяла ў іх сабаку і давяла да знясілення і абязводжвання.
У сабакі знайшлі цэлы букет хвароб
Другі дзень судовага паседжання пачаўся з апытання ветэрынара, якая рабіла заключэнне пасля паступлення Лоры ў клініку.
“Да нас звярнулася валанцёр “Адданага сэрца” з просьбай аглядзець сабаку. Мы ўбачылі вельмі худую жывёлу. У яе мы выявілі высокую тэмпературу, абламаныя вусы, выпадзенне поўсці, а таксама абмаражэнне вушэй. Акрамя ўсяго гэтага былі зроблены дадатковыя даследаванні і яны паказалі, што ў сабакі грыбы і бактэрыі. Таксама ў сабакі быў нізкі гемаглабін, малакроўе, алергія і паразіты”, – казала ў судзе ветэрынар клінікі “Сябры” Святлана Бруева.
Акрамя гэтага ў сабакі было выяўлена нізкае ўтрыманне кальцыя, а таксама слабыя і вытанчаныя косткі. Ветэрынар лічыць, што ўсе такія хваробы могуць быць толькі з-за недаядання. І гэты працэс праходзіў не дзень і не два, а на працягу некалькіх месяцаў. Лоры не атрымлівала патрэбных вітамінаў, нават пры тым, што, па словах абвінавачванай, яна знаходзілася ў добрых умовах.
Пасля апытання ветэрынара, суддзя зачытала атрыманы вынік экспертыз ад мiлiцыi Гродзенскага раёна. Прадстаўнікі праваахоўных органаў прасілі прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці Таццяну, якая не прытрымлівалася дагавора, падпісанага з валанцёрамі “Адданага сэрца”, і, простымі словамі, здзекавалася з жывёлы.
Прывезлі не таго сабаку…
Тады Таццяна настаяла на сваіх сведках. У залу суда былі выкліканы свякроў, яе сын і яго сябар.
Свякроў, якая працуе даяркай у калгасе, у зале суда нічога не саромелася і казала усё, што лічыла патрэбным.
“У нашай трохпакаёвай кватэры жывуць дзве сям’і. І ў нас няма ніякіх канфліктаў. Пачаткова мы іншага сабаку хацелі, а нам прывезлі нешта такое і яно мне адразу не спадабалася. Мне здаецца, усё рабілася адмыслова. Але ў выніку мы прынялі гэтага сабаку, і ён жыў у нас у выдатных умовах. Але з цягам часу ў яго з’явіўся негатыў да людзей, і тады мы пачалі апранаць яму наморднік. Неўзабаве сабака захварэў, мы яго лячылі. Але праз нейкі час я настаяла на тым, каб сабаку аддалі назад у прытулак”.
Пасля свякрові ў зале суда з’явіўся яшчэ адзін сведка з боку абвінавачанай. Яўгена прадставілі як сябра сям’і. Хоць з апавядання было ясна, што сабаку ён бачыў толькі аднойчы.
Апошнім быў апытаны Андрэй, брат мужа Таццяны. Хлопец вучыцца ў Ваўкавыску і дома бывае толькі на выходных. Пра сабаку ён нічога дрэннага не казаў, а толькі чакаў, што ён вырасце каўказскай аўчаркай.
Калі ўсе сведкі выказаліся, суддзя спытала Таццяну, ці згодна яна з абвінавачваннямі ў яе адрас. Дзяўчына не прызнала сваёй віны і некалькі разоў паўтарала, што карміла Лоры тры разы на дзень.
Пасля гэтага суддзя прыступіла да чытання прысуду: згодна з арт. 15.45 КаАП (Жорсткае абыходжанне з жывёлай), Таццяну прызналі вінаватай і прызначылі штраф 20 базавых велічынь (4,2 млн рублёў).
Возьмуць яшчэ сабаку і ката. На зло
Свякроў абвінавачванай пасля паседжання расказала, што суддзі былі прадстаўленыя няправільныя факты і сям’я мае намер абскардзіць рашэнне.
“Я буду звяртацца ў пракуратуру, ва ўсе інстанцыі, суддзя была не на нашым баку. Я хачу сказаць, што мы ўсім на зло возьмем яшчэ сабаку і ката”.
Валанцёры задаволеныя рашэннем суда і кажуць, што дадзены ўрок стане ўсім прыкладам на будучыню.