“Трэба не толькі расказваць пра веліч Гродна, але і паказваць”. Ля замкаў адкрылі скульптуру ладдзі

|

Аўтарам работы, якую ўсталявалі 2 чэрвеня, з’яўляецца гарадзенскі скульптар Уладзімір Панцялееў. Выконваў гэтую працу ён больш за два месяцы.

 

На афіцыйным адкрыцці скульптуры прысутнічалі гарадскія чыноўнікі на чале са старшынёй гарвыканкама Мечыславам Гоем.


“Вялікі дзякуй скульптару Уладзіміру Панцялееву і нашаму ідэйнаму натхняльніку Сяргею Калядзе за іх працу. Месца, дзе ўсталяваная ладдзя, выбрана не выпадкова. Наш Нёман – адзін з сімвалаў Гродна. Ужо дзевяць стагоддзяў таму рака выкарыстоўваўся для гандлёвых адносін з іншымі землямі. Сёння ў рамках праектаў трансгранічнага супрацоўніцтва мы плануем адрадзіць суднаходныя экскурсійныя маршруты па Нёмане. З часам ля падножжа пагоркаў з’явіцца і прычал, адкуль пойдзе турыстычны рух па рацэ”, – сказаў Мечыслаў Гой.

 

 

Таксама старшыня адзначыў, што гораду не хапае малых архітэктурных формаў. Ён паабяцаў, што гэтае пытанне з часам будзе вырашацца.

 

Аўтар скульптуры Уладзімір Панцялееў таксама згодны, што ў горадзе павінна з’яўляцца больш розных помнікаў і скульптур.


“Адкрываючы ладдзю, мы прыадчынілі яшчэ адну старонку ў нашай гісторыі, а можа і легендзе. Мне здаецца, гораду трэба часцей рабіць і выстаўляць падобныя скульптуры, бо людзям трэба не толькі расказваць пра веліч Гродна, але і паказваць”.