У гістарычным архіве ў Гродне стане лягчэй працаваць: з’явіўся даведнік па фондах

|

Дзень архівіста ў нацыянальным архіве: “Да нас прыязджаюць і з Японіі, і з Аўстраліі”

 

Стварэнне даведніка – абавязковае для ўсіх архіваў. У такіх выданнях адлюстраваны стан усіх фондаў. У Гродне такога дакументу чакалі амаль 50 гадоў. Папярэдні даведнік быў выдадзены яшчэ ў 1965 годзе, але праз гады інфармацыя з яго ўжо значна састарэла.


“Прайшло шмат часу з выпуску першага даведніка. На той момант ён быў усяго толькі на 79 старонках [аўт. – у новым 388]. Перавыданне было выклікана тым, што за ўсе гады існавання архіва яго сховішчы папаўняліся рознымі дакументамі. За апошнiх пяць гадоў нашы супрацоўнікі правялі велізарную працу, каб зрабiць новы даведнiк. Кожны адказваў за пэўны раздзел, за кожны запіс і дату. Памылак у новым выпуску быць не павінна”, – распавядае намеснік дырэктара Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі ў Гродне Роза Гарачава.

 

 

Чалавеку, які прыходзіць у архіў упершыню, абавязкова прапануюць працу з даведнікам. У прадмове апісана гісторыя архіва і што ў ім знаходзіцца. Асноўная маса фондаў ідзе па даўніх паветах. Спіс фондаў займае 49 старонак.


“Да даведніка таксама ёсць дадатак, якi дапаўняе інфармацыйнае поле. У дадзеным выпадку гэта тры прыкладанні. Першае – спіс фондаў, другое – тэрміналагічны слоўнік, які патрэбны, бо ў запісах ёсць словы, якія ўжо выйшлі з ужытку. Трэцяе – даведка адміністрацыйна-тэрытарыяльнага дзялення Гарадзенскай губерні з 1795 года па 1921 год”.


 

Новае выданне будзе карысна перадусім навукоўцам, даследчыкам і студэнтам. Хутка электронная версія даведніка з’явіцца ў інтэрнэце. Гэта дазволіць “зазірнуць” у архіў усім цікаўным з любой кропкі свету.

 

Усяго выдадзена 75 асобнікаў даведніка. У асноўным яны былі разасланыя па абласных архівах Беларусі, бібліятэках і установах.

 



Як з дапамогай даведніка самастойна знайсці інфармацыю пра сваякоў у архіве?

 

Пачаткова трэба адкрыць змест даведніка. Там ёсць раздзел “Рэлігійныя фонды”. Напрыклад, выбіраем фонды сабораў і цэркваў. Дадзеная частка мае інфармацыю пра ўсе храмы, якія былі ў павеце. Там ёсць інфармацыя пра дакументы за пэўныя гады той ці іншай царквы. Калі патрэбны год ёсць, можна смела прасіць дакументы ў супрацоўніка архіва.


Цікавыя факты:

 

За час, цягам якога стваралі даведнік, архівістам удалося натрапіць на некаторыя малавывучаныя факты. Напрыклад, быў знойдзен метрычны запіс аб другім шлюбе Элізы Ажэшкі, таксама і пра смерць пісьменніцы. Былі знойдзены i запісы адносна Напалеона Орды і Ігната Дамейкі.