“Дзяўчыны не хапае, але пакуль трымаюся”. Пешы падарожнік з Гродна Сяргей Мароз ужо ў Піцеры

|

“Гэта ж мая сцежка, мой шлях. Як я магу ад усяго гэтага адмовіцца? А куды гэта ўсё мяне прывядзе, я пра гэта не задумваюся. Я згаджаюся з усім, што адбываецца і мне падабаецца, то што здараецца. Я ўпэўнены, што дзякуючы Сусвету ў мяне ўсё атрымліваецца і я аддаюся толькi волі выпадку”, – кажа Сяргей.

 

Да Санкт-Пецярбурга гарадзенцу прыйшлося дабірацца з цяжкасцямі. Сяргею складана было знайсці начлег, праблему стваралі пастаянныя балоты і зарослыя лясы. Ратавалі яго ў гэтай сітуацыі мясцовыя жыхары, якія запрашалі вандроўніка на начлег.

 

Гарадзенец Сяргей Мароз, які пешкі хоча прайсці 30 тыс. км, перайшоў мяжу з Расіяй. Але праз памылку ў банку яго праект пад пагрозай

 

Практычна ў кожным горадзе Сяргея сустракалі журналісты


“Цяпер спрабую знайсці танны гамак, каб можна было начаваць у падвешаным стане. Вельмі шмат змей, асабліва гадзюк, яны ў намёт запаўзаюць грэцца. Кожны дзень сустракаю вельмі шмат спагадлівых людзей. Многія дзівяцца, а бываюць і тыя, што спыняюцца на дарозе, ім складана адмовіць і даводзіцца ехаць з імі на машыне нейкі ўчастак”.

 

Сяргей распавядае, што ў падарожжы ён знайшоў сваё прызначэнне, выявіў і раскрыў свой дар, пра які пакуль не можа расказаць. Цяпер ён шукае спосабы яго развіцця і пасля плануе паказаць свету.

 


“Цуды адбываюцца кожны дзень, але апісваць іх пакуль не магу. Хачу, каб яны і далей працягвалі адбывацца. Як-небудзь потым распавяду. Свайму шляху я вельмі рады. Я іду ў тое месца, куды вядзе мой сусвет і ён лепш за мяне ведае, што і куды мне трэба. Я проста аддаў сябе ў арэнду, ён сам кіруе і накіроўвае мяне, а я з усім згаджаюся”.


 

Асноўныя цяжкасці, з якімі Сяргей сутыкнуўся за час шляху: пошук начлегу і недахоп энергіі для абсталявання. Таксама гарадзенец адзначыў, што яму не хапае дзяўчыны.


“Вядома, дзяўчыны не хапае, але я пакуль яшчэ трымаюся. Магчыма, у будучыні камусьці моцна пашанцуе”.

 

Нагадаем, 1 сакавіка Сяргей Мароз адправіўся ў падарожжа даўжынёй амаль 30 тысяч кіламетраў. Гэтую адлегласць ён плануе пераадолець за чатыры гады. Маршрут пройдзе праз шэсць краін: Беларусь, Расію, Манголію, Казахстан, Узбекістан і Кыргызстан.