Гарадзенец Сяргей Мароз, які пешкі хоча прайсці 30 тыс. км, перайшоў мяжу з Расіяй. Але праз памылку ў банку яго праект пад пагрозай

Нагадаем, 1 сакавіка Сяргей Мароз адправіўся ў падарожжа даўжынёй амаль 30 тысяч кіламетраў. Гэтую адлегласць ён плануе пераадолець за чатыры гады. Маршрут пройдзе праз шэсць краін: Беларусь, Расію, Манголію, Казахстан, Узбекістан і Кыргызстан.


“Я перасёк мяжу. Цяжка адчуваць адлегласць ад родных месцаў, але добрыя людзі не даюць мне засмучацца і мой сусвет робіць усё, каб я не турбаваўся. Цяжка было пакідаць Беларусь, тым больш калі на самым пераходзе стаяў мой брацельнік, мой Дзімка. Мы абняліся, а пасля блаславілі адзін аднога і пайшлі сваімі дарогамі. Накатваліся слёзы, не буду хлусіць, але ўсё ў парадку, рухаемся далей”.

 

У Расіі гарадзенцу дапамаглі падключыць сiмкарту, з дапамогай яе ён цяпер падтрымлівае сувязь і піша пра свой праект. Ужо 17 мая Сяргей плануе быць у горадзе Опачка. А праз тыдзень дайсці да Пскова-Пячорскага манастыра, які знаходзіцца ў горадзе Пячоры.


“Пакуль сур’ёзных цяжкасцяў у пераадоленні шляху я не адчуў, толькі багністая мясцовасць вакол – што з нашага боку, што з расiйскага. Калі ішоў ля мяжы, здзіўляўся, як усё вымерла і што ў вёсках ніхто не жыве. Вельмі шмат змей і кляшчоў. Таксама на шляху мне трапляюцца людзi, якiя  дапамагаюць: хто ежай, хто вадой, а хто i начлегам. Дзякуй ім за гэта”.


align=”” width=”725″ height=”502″ >

Змеі ў Расіі

 

Зусім нядаўна Сяргей даведаўся, што яго рахунак у банку ў Беларусі часова зачынілі, бо знайшлі нейкую памылку. Зараз гарадзенцу ніхто не можа даслаць грошы, ён таксама нідзе не можа іх зняць. Гэта можа паставіць пад пагрозу цэлы праект. У банку гарадзенцу паабяцалі, што праз 15 дзён дадуць адказ. Пакуль жа Сяргей ідзе і спыняцца на дасягнутым не плануе.