Магія чорнага на SunDay-2016. Топ-7 аўто самага правільнага колеру

Рэйтынг паводле вясёлкі: на SunDay-2016 сабраліся аўтамабілі ўсіх колераў спектру

 

Buick 1948 года – аўтамабіль чатырох пакаленняў



Buick 1948 года выпуску прыехаў на фестываль нібы наўпрост са старога кіно. Такі самы аўтамабіль здымалі ў фільме “Гэта салоднкае слова – свабода”, што вышаў на экраны ў 1972 годзе. У Гродне машыну прадстаўляла сям’я з Ліды – Антон і Валянціна Тарасевічы. Гэты аўтамабіль, куплены ў Прыбалтыцы, падарылі некалі іх маладой сям’і бацькі. “Тры тысячы савецкіх рублёй заплацілі – неймаверныя грошы на той час, – узгадвае Антон. – У пазыкі па вушы ўлезлі”. Зараз Buick возіць ужо чацвёртае пакаленне роду. “Унукі цяпер старэйшыя, чым былі нашы дзеці, калі машына ў сям’і з’явілася”, – жартуе Валянціна.

 

 

Антон пра сакрэты захоўвання аўто ў добрым стане кажа вельмі лаканічна: “Каб машына не псавалася, трэба часцей з ёй бачыцца. Яна будзе чакаць і перастане іржавець”.

 

 

Buick да гэтай пары на хаду і ў вельмі добрым стане. На фестываль прыехаў сваім ходам. Зараз за год ён накручвае каля 10-15 тысяч кіламетраў, раней гадавы прабег рэтра-аўтамабіля складаў да 100 тысяч. Цяпер, са словаў уладальніка, гэта стала задорага – на сотню кіламетраў патрэбна 12-15 літраў паліва.

 

 

Audi 920 1939 года – аўто даваенных дэтэктываў



Audi 920 1939 года выпуску прыехаў у Гродна з Калугі. Юрый і Вольга Слюдзікавы набылі аўтамабіль каля шасці год таму. “Шукаў даваенны аўтамабіль у добрым стане і па сваіх грашах, каб можна было аднавіць”, – кажа Юрый. Раней у яго быў рарытэтны Horch, з якім Audi 920 мае шмат агульнага. Зараз на аўтамабілі ўсталяваны сучасны рухавік. Стары, аб’емам 3,2 кубікі, браў каля 15-17 літраў на сотню кіламетраў, а 75 “лошадок” развівалі хуткасць да 300 км/г.

 

 

Апроч удзелу ў фестывалях аўтамабіль сям’і Слюдзікавых часта выкарыстоўваюць у кіназдымках. Пабачыць яго можна, напрыклад, у серыялах “Марьина роща” ці  “Чорная кошка”. 

 

 

 

Rover SD1 – настальгія англійскай паліцыі


Rover SD1 (“Specialist Division”) 1978 года – апошні англійскі аўтамабіль, што атрымаў прэмію аўтамабіль года. “Я на ім езджу чатыры гады”, – распавёў Ілля Шышкавец з Мінска. Да таго, як хлопец аднавіў аўто, машына доўгі час прастаяла няспраўнай у гаражы – сям’я набыла яе больш за 30 гадоў таму.

 

 

Са словаў Іллі, такіх аўтамабіляў ва ўсім СНД зусім няшмат, а ў Беларусі цалкам адноўлена толькі яго машына. Найбольшы распаўсюд такія аўто мелі ў канцы 70-х – пачатку 80-х у Англіі, дзе выкарыстоўваліся ў якасці паліцэйскіх машын. “Яны магутныя, каго хочаш можна дагнаць”, – сцвярджае хлопец.

 

 

Адноўлены рухавік на яго аўтамабілі развівае хуткасць да 200км/г, а расход паліва складае каля 9 літраў па трасе і 15 у горадзе.

 

 

 

З гаража савецкага саўміна – у сямейны гараж


“Прадстаўнічыя машыны заўжды чорныя. У іншым колеры гэта зусім не тое”, – з першых словаў даводзіць сваё меркаванне ўладальнік ЗіМа 1953 года Уладзімір Дудніцкі з Мінска. Завод імя Молатава (ці ЗіМ) выпускаў такія машыны ад 1950 па 1960.

 

 

Прычым аўтамабілі апошняга года выпуску выкарыстоўваліся на хуткай дапамозе. “Гэта машына ніколі не стаяла на патоку, яна з дробнай серыі, кожная збіралася асобна, у боксе”, – распавёў Уладзімір. Яму ж аўтамабіль дастаўся ад бацькі, якому пашчасціла купіць машыну на распродажы гаража савецкага Саўміна.

 

 

“Бацька на ёй ездзіў, я усё жыццё езджу і сын таксама на ёй катаецца”, – з гонарам расказвае ўладальнік ЗіМа. За гэты час машына 20 разоў зганяла “на юг” і ўсё – без адзінай паломкі. Да гэтага часу машына цалкам захавала ўсе арыгінальныя дэталі. На сотню кіламетраў ёй патрабуецца 15-18 літраў паліва.

 

 

 

Цюнінгаваны BMW X5 2009  – “Тру карбон – Lumma…”



BMW X5 2009 года прадставіў на фестывалі гарадзенец Саша. Хлопец набыў аўтамабіль паўгода таму. Машына, паводле хлопца, стараватая, але “спадабалася, не змог прайсці міма”. Гэты аўтамабіль унікальны з нагоды адмысловага цюнінгу, зробленага ў ателье Lumma ў Германіі. Дасведчаныя мінакі, аглядаючы машыну, зайздросна ўздыхалі: “Тру карбон – Lumma…”.

 

 

Уладальнік машыны зазначае, што рухавік аб’емам 4,4 twinturbo “падымае” сотню за пяць секунд, а па трасе разганяецца амаль да 300 км/г. Каб пракарміць 540 “лошадок” патрабуецца ад 15 да 30 літраў на сотню кіламетраў у залежнасці ад хуткасці. “Гэта машына для душы, – тлумачыць Саша. – каб ездзіць па штодзённых справах ёсць другі аўтамабіль”.

 

 

 

Ford Kuga 2014 года: галоўнае ў аўтамабілі – музыка


Уладальніка Ford Kuga 2014 года, Сяргея Бакаева з Чэхава Маскоўскай вобласці, магія чорнага аўто скарыла міма волі. “Чорны колер ненавіджу, каб выбіраў па колеры, то ніколі б не спыніўся на чорным”, – прызнаецца ён. Але – машына спадабалася і адмыслова падыйшла пад… музычныя густы ўладальніка.

 

 

“Браў яе пад устаноўку музыкі. Тут вельмі зручна размясцілася абсталяванне”. Мантаж “музыкі” – узмацняльнікаў, гукаізаляцыі, ды іншых прыладаў агульнай вагой 200 кг заняў больш года. Гарадзенскі SunDay, дзе аўтамабіль спаборнічаў у намінацыі аўтагук, гэта толькі другі выезд аўтамабіля “ў свет” – толькі пачатак кар’еры. Сяргей жа на фестывалі не толькі прэзентуе аўто, але і з’яўляецца галоўным суддзёй у гэтай намінацыі.

 

“Замарочвацца” падрабязнасцямі расхода і хуткасці яму менш цікава. Галоўнае – каб аўтамабіль быў зручным для сям’і і дазваляў атрымліваць асалоду ад музыкі.

 

 

 

Ракавы прыгажун – Opel Adam 1932 года


Разбураны выбухам Opel Adam 1932 года выпуску пасля вайны прывёз з Брэста адзін з жыхароў Слуцка. Аднавіўшы ваенны трафей, ён ездзіў на машыне да 1998 года, здзіўляючы мінакоў.

 

 

Пасля смерці ўладальніка яна доўгі час стаяла проста на агародзе – удава не хацела развітвацца з памяццю пра мужа. “Ледзь угаварыў прадаць мне машыну”, – распавядае Ігар Буткевіч.

 

 

На рэстаўрацыю аўтамабіля пайшло больш за 20 гадоў. Са словаў Валянціны, жонкі Ігара, ён усё рабіў сваімі рукамі: “і чахлы сам шыў на машынцы, і панэль з дуба выточваў”. Да Гродна даваенны аўтамабіль даехаў без прыгодаў, ды і ў Слуцку час ад часу выязджае на вуліцы горада.

 

 

Прыгажосць аўтамабіля прыходзіцца да месца і ў кіно. У серыяле “Королева красоты” аўтамабіль Буткевічаў адыгрываў ракавую ролю – менавіта пад яго коламі гіне герой карціны. Таксама аўтамабіль здымаўся ў кінааповесці “Красная королева”.

 

 

Аўтафестываль SunDay-2016 у Гродне: яшчэ больш, яшчэ яскравей, яшчэ гучней

 

Здымкі аўтаркі