“Граніт” можа заплаціць “Нёману” 10 тысяч долараў за парушаную дамову арэнды Васiлючака

|

Матч у Мікашэвічах 29 ліпеня пачаўся з 20-хвілінным спазненнем, бо да пачатку гульні гаспадары не вырашылі праблему са складам. У наяўнасці ў “Граніта” былі толькі палявыя гульцы і ніводнага брамніка. Арандаваны ў “Нёмана” Васiлючак згодна дагавору не мог гуляць у матчы, але ў апошні момант у прэсе з’явілася інфармацыя, што кіраўніцтва гарадзенцаў дазволіла заявіць Уладзіслава на матч.


“Калі б арэнда была платная, то мы б не сталі прапісваць ніякіх дадатковых ўмоваў. Гэта было б абсурдам. Але паколькі яна бясплатная, то, з майго пункту гледжання, гуляць супраць свайго цяперашняга клуба неяк няправільна. Такая наша пазіцыя. “Граніт” з ёй пагадзіўся. Мы паставілі ўмову – альбо гулец не можа гуляць супраць “Нёмана”, альбо выходзіць на поле, але тады “Граніт” плаціць штраф у памеры 10 тысяч долараў. Мы не дазвалялі  супернiку выпускаць на поле Васiлючака. Яны самі прынялі такое рашэнне. Цяпер мы маем права патрабаваць штраф”, – заявіў Іван Варсовіч выданню “СБ Беларусь Сегодня”.

 

Пачаткова Васiлючака перад стартам сезона аддалі ў арэнду ў “Смаргонь” у першую лігу. У перапынку паміж кругамі да кіраўніцтва “Нёмана” звярнуліся два клубы вышэйшай лігі з просьбай аддаць Уладзіслава ім – “Белшына” і “Граніт”. Трэнерскі штаб “Нёмана” прыняў рашэнне, што варатару лепш паехаць у Мікашэвічы.

 

Свой першы матч у Мікашэвічах Васiлючак правёў за дубль, дзе гуляў супраць дубля “Нёмана”. Той матч завяршыўся перамогай “Граніту” з лirкам 2:1. Двума галамі адзначыўся яшчэ адзін арандаваны гарадзенскi гулец Павел Забелін. Ужо на наступны дзень Васiлючак выйшаў у аснове “Граніту”, але той матч завяршыўся перамогай “Нёмана” з лікам 1:0. Уладзіслаў упэўнена адыграў увесь матч, хоць і прапусціў гол ад “Нёмана”.

 

Сітуацыю, якая склалася ў матчы “Нёмана” і Граніту”, паспрабаваў пракаментаваць юрыст Асацыяцыі “Беларуская федэрацыя футбола” Сяргей Ільіч.


“Па агульным правілу ў федэрацыі футбола Беларусі рэгіструюцца трансферныя кантракты, у тым ліку і на арэнду футбалістаў. Згодна з рэгламентам ФІФА, клуб, які перадае гульца ў арэнду, не мае права абмяжоўваць новую каманду ў яго выкарыстанні, у тым ліку і ў матчах супраць сябе. Асацыяцыя рэгіструе заяўку арандаванага гульца без усялякіх абмежаванняў. Іншае пытанне, калі клубы ў арэндным трансферным кантракце ўсталявалі, да прыкладу, павелічэнне сумы кошту арэнды гульца, у выпадку яго выступы супраць клуба, якому ён належыць. У дадзеным выпадку асацыяцыя не можа ўмешвацца ў дагаворныя адносіны клубаў: калі так яны дамовіліся, значыць, павінны выконваць такое пагадненне”.

 

Выказваюць сваё меркаванне на футбольных форумах і ў сацыяльных сетках і звычайныя аматары футбола. Вось каментары Вадзіма з Мінска.


“Іван Варсовіч гэтай заявай абвясціў аб тым, што Васілючак дагэтуль гулец “Нёмана”. Калі “Нёман” не апратэставаў выхад галкіпера Васілючака на баку “Граніта” падчас самога матча, і дагэтуль лічыць Васілючака сваім гульцом, дык матч “Граніт” – “Нёман” быў дагаварным. У складзе “Граніта” выступаў гулец “Нёмана”, які наўмысна прыкладаў намаганні для канчатковага выніку матча на карысць “Нёмана”. Так і адбылося. “Нёман” перамог. Вынік матча трэба адмяняць і абодвум клубам за матч прысуджаць паразу з лікам 0:3. У гэтым выпадку аніякіх штрафаў не спатрэбіцца, бо вынік матча будзе адменены, а значыць і выступлення гульца “Нёмана” супраць “Нёмана” не было”.

 

Ці будзе “Нёман” падаваць у суд на мікашэвіцкі “Граніт”, які цяпер знаходзіцца не ў лепшым стане, пакуль не вядома.

 

Фота: fcneman.by