Давід Мышалаў – “невядомы” гарадзенскі спартсмен

Да Другой сусветнай вайны Давід Мышалаў быў чэмпіёнам Гродна па плаванні, але вымушаны быў з’ехаць з роднага горада. Маладога гарадзенца чакала вучоба ў Англіі, а потым служба ў брытанскім флоце на падводнай лодцы. Пра выбітнага гарадзенца ў сваіх апавяданнях узгадвала былая зняволеная гарадзенскага гета Ліза Чапнiк. Давід быў яе братам, якому, як і некалькім іншым братам Лізы, удалося перажыць вайну.

 

Легендарны кавалерыст Караль Румель. Першы беларускі алімпіец быў гарадзенцам

 

Давід Мышалаў нарадзіўся ў сям’і Самуіла і Лізы Мышалавых. Маці Давіда і Лізы Чапнiк былі сёстрамі, іх бацькі жылі на вул. Найдуса, 6, дзе праходзіла дзяцінства Лізы і Давіда, а таксама іх шматлікіх сваякоў, якія загінулі падчас Халакосту.

 

Сядзяць злева направа: Язэп і Эстэр Чапнiк (бацькі Лізы), Злата Шулькес і Соня Чарнова (сёстры Эстэр і Лізы Мышалаў), стаяць Яха Гофман, Самуіл і Ліза Мышалава – бацькі Давіда Мышалава. Фота Гродна, каля 1937 г.

 

Успамiны Лізы Чапнiк: “Давід (Додзік) Мышалаў – сын Лізы Шулькес і Самуіла Мышалава, у дзяцінстве быў хуліганістым. Калі я была ў іх у гасцях, то часта гуляла з яго сястрой Ідай, і нам Додзік прапаноўваў ўзяць без дазволу варэнне. Ён казаў, што ўсё роўна ўсё з’есць сам і скажа, што з’елі мы, так што нам лепш хоць бы паспрабаваць. А наш дзядуля заўсёды ўгаворваў нас з Люсікам (братам) сабраць слівы з дрэва ў двары яго дома і паесці, таму што пасля прыходу Додзіка сліў ніколі не заставалася”.


У Ізраілі памерла Ліза Чапнiк – былы вязень гарадзенскага гета

 

Таксама Ліза Чапнiк памятала, што Давід быў выдатным плыўцоў, па яе ўспамінах, ён быў адным з лепшых у Польшчы. Яшчэ ў дзяцінстве адзін выпадак ёй запомніўся на ўсё жыццё – калі Давід разам з ёй пераплыў Нёман.


“Аднойчы я гуляла на пляжы Меркі ў Пышках, Додзік схапіў мяне, пасадзіў на спіну і пераплыў са мной Нёман. Тыя ўспаміны засталіся са мной на ўсё жыццё. У 1937 годзе Додзік паехаў вучыцца ў школу юнг ў Англію. Ён там і застаўся – пайшоў ваяваць. Ён ваяваў у складзе брытанскага флота на падводнай лодцы. Калі я не памыляюся, быў нават нейкiм капітанам. Яго лодка шмат разоў суправаджала караваны судоў з харчаваннем, зброяй і абсталяваннем для Чырвонай Арміі”.

 

Гарадзенцы ў Рыа. За каго заўзець на Алімпіядзе-2016

 

Пасля вайны Давід жыў у Англіі. Дапамагаў сваім сябрам, неўзабаве адшукаў сястру Лізу, якая пераехала жыць у Разань.


“Давід знайшоў мяне ў Разані і некалькі разоў прыязджаў у Маскву з Ліверпуля, каб мы маглі сустрэцца. Ён быў у мяне ў гасцях не толькі ў Маскве, але і ў Беэр-Шеве (Ізраіль), разам з Гары, сваім лепшым сябрам. Гары распавядаў мне некалькі выпадкаў, калі Додзік літаральна ратаваў сваіх сяброў, якія трапілі ў цяжкае становішча. Давід дапамагаў не толькі сваім сябрам. Ён дапамог і маім сябрам з Разані – сям’і Цiнманаў, з якой потым моцна пасябраваў, уладкавацца ў Ізраілі. Дачка Язэпа і Берты Цiнман мелi патрэбу ў лячэнні, і лекары ў Ізраілі падаравалі ёй некалькі гадоў жыцця”.


Ліза Чапнiк і Давід Мышалаў. 1980-я

 

Лізе таксама пашчасціла пабываць у Давіда ў Ліверпулі, дзе ён жыў са сваёй сям’ёй. Ён быў там паважаным чалавекам, бо ахвяраваў вялікую суму грошай на рамонт сінагогі.

 

Пра вынікі і дасягненні ў спорце Давіда Мышалава цяпер амаль нічога не вядома. Гарадзенскі краязнаўца Віктар Саяпін у сваёй кнізе “Гродненский спорт. История и достижения. 1919–1939 гг.”, піша, што Давід Мышалаў стаў чэмпіёнам Гродна па плаванні ў 1932 годзе.

 

Частка ўспамінаў узятая з кнігі М. Шапялевіч “Путь девушки из Гродно: еще одно восхождение”.

Фота М. Шапялевіч