“Дзе б яна ні была, яна ўсюды вызнавала праваслаўную веру – і ў Чэхіі, і ў ГУЛАГу, і тут, калі была ў Зельве, яна была шчырай верніцай і адной з самых лепшых прыхажанак. Яна не толькі малілася, адбывала службу і вярталася дадому. Яна сапраўды служыла Богу сваёй і маці-царкве”, – зазначыў айцец Аляксандр Балонікаў, адкрываючы імпрэзу.
Ён узгадаў і перададзенае на вокладку Евангелія сукно, што паэтка атрымала ў пасылцы з-за мяжы, і яе заступніцтва за Зельвенскіх святароў. “Гэта павінна стаць для нас прыкладам. Калі мы шануем яе памяць, то павінны хоць недзе, хоць у чымсці быць падобнымі да яе. Я шчыра жадаю ўсім нам быць цвёрдымі вызнаўцамі сваёй веры і сваёй годнасці”.
У бібліятэцы храма Міхась Скобла, паэт і даследчык творчасці Ларысы Геніюш, распавёў пра новыя кніжкі з вершамі паэткі, што з’явіліся з нядаўняга часу ў кнігазборы царквы. Сярод іх – надрукаваныя ў Лондане, Таронта, Беластоку і Маскве. “У альманаху “Ля чужых берагоў” вершы паэткі надрукавалі ў раздзеле “Абарваныя струны” і пазначылі, што яна загінула ў ГУЛАГу, – распавёў Міхась Скобла. – У 1955 годзе за мяжой нават не ведалі, дзе знаходзіцца Ларыса Геніюш, і ўвогуле, што яна жывая”.
Адна з новых кніг у бібліятэцы – выданая паводле рукапіснага сшытку з вершамі, што паэтка перадала сябрам, калі яе вывозілі з Прагі ў ГУЛАГ. “Тут усе выданні з цягам часу будуць. Абяцаю, што дастану і прывязу ў бібліятэку”.
Гэтым разам наведвальнікам не ўдалося пабачыць нават усе з тых кніг, што ўдалося сабраць. Іх актыўна чытаюць, многія “на руках”.
А некаторыя наведвальнікі не толькі бяруць кнігі, але і прыносяць у падарунак бібліятэцы свае. Гэтым разам паэт Юрка Голуб перадаў у кнігазбор царквы дзіцячую кнігу “Добрай раніцы, Алесь!” з аўтографам аўтаркі і яе ўласнымі малюнкамі. Кнігу падаравала паэтка да нараджэння яго дачкі.
А вершы з дзіцячага зборніка будуць цікавыя і дарослым, мяркуе Юрка Голуб, прачытаўшы адзін з іх.
Чмель
Была ў чмяля жонка рухавая пчолка
То мядок збірала, то чмяля частавала
А ён надзіманы, на дыван даматканы лёг і кажа рамонку:
“Маю дрэнную жонку. Дома толькі начуе
Днем паклічу – не чуе.
Мёду мае не мала, але – вострае джала.”
Паэтка Вольга Іпатава, што прыехала на дзень народзінаў Ларысы Геніюш з Канады, узгадала пахаванне паэткі: “Чыноўнікі хацелі, каб яе не адпявалі. Чамусць гэта было страшэнным грахом у іх вачах. Яны давілі на зельвенскую царкву, каб гэтага не рабілі. Але святар Васіль Чэкіда не паддаўся, хаця яму тое каштавала пасля. І калі пачуліся толькі першыя гукі паніхіды, тыя чыноўнікі кінуліся ў дзверы, каб толькі не удзельнічаць у адпяванні. Вось такая атмасфера панавала тымі часамі.”
Здымкі з пахавання Ларысы Геніюш – вынас труны да царквы і шлях на могілкі – зараз вісяць на сценах бібліятэкі. “У Зэльве ніколі больш не было такога крэснага хода”, – кажа айцец Аляксандр.
Сваёй духоўнай маці называла Ларысу Геніюш знаная гарадзенская паэтка Данута Бічэль: “Я прайшла ўніверсітэт у Ларысы Геніюш. Гродзенскі педінстытут я як бы праляцела. Не ведаю, што там рабіла. Экзамены здавала і адзін раз нават атрымлівала стыпендыю купалаўскую, але як гэта ў мяне атрымлівалася – я не знаю. Не было часу чытаць гэтыя ўсе тэксты. А вось там я ўжо атрымала тое, што трэба чалавеку, які займаецца беларускай літаратурай і беларускай культурай. Там, у Зэльве, я і гісторыю Беларусі вывучыла, там і кнігі былі адпаведныя і заўсёды былі каментары да іх. І колькі я магла, чытала. Яны не давалі кнігі з сабой, казалі – чытай у нас, жыві колькі хочаш”.
Вольга Іпатава, узгадваючы пра сям’ю Геніюшаў, казала, што “гэта вялікія людзі Беларусі, не толькі беларускай літаратуры. Яны вучылі жыць па праўдзе, жыць па свабодзе, па любові да беларускай мовы”. Атмасферу зэльвенскага прытулку паэткі яна параўноўвала з “глытком свабоды ў задушлівым савецкім асяроддзі”. “Прыехаць да Ларысы Антонаўны і гаварыць з ёй – гэта была легенда.”
Данута Бічэль успомніла, што рукапіс кніжкі, “якую сёння ўсе трымалі у руках – “На чабары настоена”, сама друкавала калісці на машынцы.
Узгадала, што апекуном Ларысы Геніюш быў Максім Танк (дапамагаў друкавацца ў “Полымі” і выдаў яшчэ дзве кніжкі) і што паэтка была вельмі шчаслівая, калі яе друкавалі. “Ужо калі яна памірала ў гродзенскай бальніцы ЛіМ надрукаваў яе падборку, разварот такі. І я прынесла ёй гэтыя вершы, яна іх паглядзела іх і кажа: “Ці добрыя вершы?” і так руку паклала… Я кажу – “Добрыя”. Потым ЛіМ выпісаў ганарар, які вельмі спатрэбіўся на яе пахаванне”. Любімым вершам са спадчыны паэткі Данута Бічэль назвала “Сустрэчу”.
… Я запяю табе пра дзіва дзіўнае,
якая ў Нёмне глыбіня,
як ноччу месячнай на воды сінія
выводзіць дзеўчына паіць каня …
Вобраз дзяўчыны з канём, паказаны ў вершы, гэта “Пагоня” ў версіі Ларысы Геніюш, мяркуе гарадзенская паэтка.
Літаратуразнаўца Ала Петрушкевіч у сваім выступе паабяцала, што яшчэ напіша “пра паэтычныя мініяцюры Ларысы Геніюш”.
“Калі выйшаў яе кнігазбораўскі том, нецэнзураваны, мне яго не хапіла. Я прыйшла – кажуць, ёсць толькі адзін, з бракам, з плямай. Я купіла і неадрываючыся чытала тое, што з большага ведаю напамяць.”
Любімае чатырохрадкоўе паэткі – твор пра самаахвярныя лёсы беларускіх зорак:
Плача ноч сузор’ям
З ёй душа мая
Не для чорных воранаў
Песня салаўя.
На думку гісторыка Алеся Краўцэвіча, Ларыса Геніюш стаіць у шэрагу асобаў, што для яго асабіста і для многіх беларусаў былі аўтарытэтамі і “маякамі, што свецяць у любое надвор’е, у любых умовах”. “Гэта людзі каторыя даказалі адданасць сваей дарозе праз ГУЛАГ. Без такіх людзей жыць немагчыма”. Геніюшаўскія чытанні, на думку Алеся Краўцэвіча, гэта не толькі нагода ўспомніць ларысу Геніюш, але і сустрэцца з “людзьмі-маякамі”, што жывуць сёння сярод нас – з Данутай Бічэль, Вольгай Іпатавай ці Юркам Голубам. А таксама нагода падзякаваць праваслаўнай царкве, што не выраклася сваёй верніцы.
У наступным годзе і надалей традыцыю Геніюшаўскіх чытанняў у бібліятэцы Каложы плануюць працягнуць. Пакуль жа святар Аляксандр Балонікаў запрашае прыхільнікаў паэткі наведвацца сюды часцей. “Ідучы ў бібліятэку, мы праходзім праз храм, і кожны раз узгадваем Ларысу Геніюш у малітвах. Я вас заклікаю таксама не толькі помніць пра яе творчасць і подзвіг, але і маліцца аб ей. Тады, упэўнены, і яе заступніцтва за нас стане водгукам на нашыя малітвы”.