Першая электронная прапускная сістэма ў гарадзенскай школе запрацуе ў канцы верасня

|

Работы па ўстаноўцы прапускной сістэмы ў школе пачаліся яшчэ год таму. Тады ж планавалі запусціць сістэму. Але зрабіць гэтага не атрымалася – у аддзеле адукацыі не было грошай. З часам грошы знайшліся, і ўжо бліжэйшым часам сістэму выпрабуюць і запусцяць.

 

Як распавялі ў школе, карткі будуць прысвойвацца вучням з першага па адзінаццатыя класы, а таксама настаўнікам і працаўнікам школы. Усе карткі будуць персеніфікаванымі, на іх будуць уносіць дадзеныя чалавека, нумар карткі і фатаграфію. Пры прыкладанні такога пропуску да датчыка, вахцёр школы будзе бачыць на экране, хто прыйшоў.

 

Базу дзяцей, якія ўжо навучаюцца ва ўстанове, сталі фармаваць яшчэ ў жніўні. Але для новапрыбылых першых, пятых і дзясятых класаў залічэнне пачнецца з 1 верасня, тады ж яны і патрапяць у базу. Прыблізна ў канцы верасня прапускная сістэма павінна будзе працаваць у поўным аб’ёме.

 

У школе кажуць, што гатовыя і да першых праблем, якія могуць паўстаць у вучняў – гэта чэргі і згубленыя пропускі.