“Глядзяць і паказваюць пальцам”. Як жыве ў Гродне маладая мусульманская сям’я
“Адчуваем сябе жывёламі ў заапарку”
Для Саміра Беларусь гэта прыгожыя чыстыя гарады і дарогі. Мабыць, гэта тое, што выразна адрознівае Беларусь ад Расiі. Малады дагестанец думаў, што ў новай краіне многія будуць гаварыць на беларускай мове. Але быў здзіўлены, калі пачуў на вуліцах выключна рускую.
“Маёй сям’і ў Гродне жывецца нармальна, ніякага пераследу няма. Усё як ва ўсіх, акрамя прагулак. Прагулкі – наша балючае месца. Кожны раз на вуліцы мы адчуваем сябе жывёламі ў заапарку. А людзі навокал – наведвальнікі. Яны ўсе глядзяць на нас і адкрыта абмяркоўваюць. Часам нават адмыслова гучна, каб мы чулі. Ківаюць у наш бок, глядзяць праз акно аўтобуса і паказваюць пальцам. А зусім нядаўна на прагулцы суседская дзяўчынка сказала, што ёй мама загадала, каб яна не сябравала з нашай дачкой”.
Гарадзенцы пра бежанцаў з Блізкага Усходу: навошта нам мусульмане, і так працы мала
Жонка Саміра адносна нядаўна прыехала з Дагестана, дзе нараджала другое дзiця і таму правяла на Радзiме год. У бліжэйшых планах сям’і – зрабіць чарговую рэгістрацыю і аддаць старэйшую дачку ў сад. Раней жонка Саміра яшчэ магла працаваць, але цяпер, з двума маленькімі дзецьмі, яна стала хатняй гаспадыняй. Цяпер сям’і ў Беларусі дапамагаюць сваякі з Дагестана.
Чым хіджаб горшы за вопратку панкаў?
Самір не прымушае жонку насіць хіджаб у Беларусі, але яна сама вырашыла трымацца гэтай традыцыі, як рабіла яшчэ да вяселля. Уся справа ў яе выхаванні. Кожны дзень жонка Саміра здзяйсняе намаз і чытае Каран. Разам яны наведваюць мясцовую “мячэць”, што знаходзіцца каля Савецкай плошчы.
Сам-насам з Алахам: як жыве аўтаномная мусульманская абшчына ў Гродне
“Беларусы не звыклі да такой вопраткі. Але, на маю думку, хіджаб – як субкультура. Давайце так на яе глядзець. У Еўропе ж панкам ці хіпстэрам не забараняюць хадзіць так, як яны хочуць? Дык навошта мусульманкам забараняць хадзіць у хіджабе?”
“Панаехалі шахіды”
Сям’я здымае кватэру ў адным са спальных раёнаў горада. Нягледзячы на відавочна ўсходні знешні від, з кватэрай ніякіх праблем не ўзнікала. Аднак першы год пасля таго, як сям’я Саміра прыехала ў Гродна, адбыўся вельмі непрыемны выпадак. Нейкі мужчына каля крамы пакрыўдзіў жонку Саміра, якая была ў хіджабе.
“Калі я выйшаў з крамы, то ўбачыў п’янога мужчыну з бутэлькай, які нешта бурчаў пад нос, накштал “панаехалі”, “джыхадыстка”, “шахідка”, а потым плюнуў у наш бок. Я спачатку хацеў ударыць, але замест гэтага вырашыў пагаварыць. Сказаў некалькі слоў і пайшоў з сям’ёй, а незнаёмец тым часам ішоў за намі. Я адправіў сваіх дадому і потым яшчэ паўгадзіны гутарыў з гэтым мужчынам. Пасля размовы ён зразумеў, што мы не спрабуем яго падрываць, рэзаць і гэтак далей. Нават на развітанне рукі паціснулі адзін аднаму”.
У Беларусі людзі больш культурныя
Самір адзначае, што такое стаўленне да праведных мусульманскіх сем’яў – паўсюль. І ў цэнтральнай Расіі, і ў іншых гарадах. Але ён адзначае, што калі параўноўваць дзве краiны, то ў Беларусі людзі больш адукаваныя і культурныя. У Расіі такіх выпадкаў, як з тым мужчынам, было б значна больш. У Гродне такое больш не паўтарылася.
“Жонка імкнецца не звяртаць увагі. Побач з намі жыве сям’я, якая таксама прапаведуе іслам. Мы сябруем, часта ходзім адзін да аднаго ў госці. Сяброўка жонкі таксама ў хіджабе ходзіць. Да яе часта падыходзіць суседка і пытаецца пра ўсё – нібыта дапытвае, ці няма ў ёй нічога радыкальнага. Вось такое падазронае стаўленне адчуваецца пераважна”.
Ілюстрацыйнае фота: islam.ru