У Беластоку знікнуць камуністычныя назвы вуліц. Адну з іх могуць назваць у гонар гарадзенца Тадэвуша Ясіньскага
Аўтары стварылі ў сацыяльнай сетцы падзею “TAK dla ul. Tadeusza Jasińskiego w Białymstoku!”. Там яны пішуць, што Ясіньскага ўжо прапаноўвала аўтарытэтная арганізацыя Wspólnota Polska. “Тадэвуш Ясіньскі быў адным з дзяцей – Абаронцаў Гродна […] У час баёў яго злавілі, збілі і прывязалі да савецкага танку як жывы шчыт. Выратаваны палякамі, ён сканаў на руках маці. Яму было ўсяго 13 гадоў”, – пішуць ініцыятары падзеі.
Насамрэч, нічога не пацвярджае рэальнасць існавання хлопчыка. Але легенда пра яго, што распаўсюдзілася пасля вайны, моцна ўпісалася ў гісторыю Гродна. Хлопчык сапраўды стаў сімвалам і на старых каталіцкіх могілках яму нават паставілі помнік-кенатаф.
Ясіньскі замест Жымоўскага?
У Польшчы іменем Ясіньскага названы вуліцы ў Сахачаве, Кэндзежыне-Козьле і Вроцлаве. У 2009 годзе прэзідэнт Лех Качыньскі адзначыў хлопчыка пасмяротна Камандорскім Крыжам Ордэна Адраджэння Польшчы. Гэта трэці па значнасці ордэн у Польшчы – пасля Ордэна Белага Арла і Virtuti Militari.
Гістарычны комікс пра абарону Гродна ў 1939 годзе: дзе праўда, а дзе паліткарэктнасць?
Ініцыятары з фэйсбука прапануюць даць імя Ясіньскага вуліцы, якая зараз названа ў гонар Вінцэнта Жымоўскага – левага журналіста, пісьменніка і антыфашыста, які ў даваеннай Польшчы выступаў на баку Пілсудскага і санацыі. У канцы ІІ сусветнай вайны ён звязаўся з польскімі камуністамі ў Маскве і ў выніку ў пасляваеннай Польшчы стаў адным з дзеячоў марыянеткавай партыі Stronnictwo Demokratyczne, кіраванай камуністамі, быў міністрам культуры і замежных справаў, падпісаў ад імя Польшчы Статут ААН. Польскія правыя лічаць яго адны са здраднікаў, якія дапамагалі ўсталёўваць сталінізм у Польшчы.
Недалёка ад вуліцы Жымоўскага ўжо ёсць вуліцы з падобнай назвай – Гарадзенскіх Арлянятаў (Oląt Grodzieńskich), то бок дзяцей і моладзі, якія аддалі жыццё, змагаючыся з савецкім агрэсарам з верасні 1939 года. Ініцыятары акцыі даюць ужо існуючы прыклад: ёсць вуліца Герояў Гета, але ёсць і асобная, прысвечаная асабліва важнаму герою – Іцхаку Мальмеду.
Таксама павінны будуць змяніцца назвы вуліц: Аляксандра Гарбатава, Арміі Народнай, Эвеліны Савіцкай, генерала Зыгмунта Берлінга, Юліяна Леньскага, Янка Красіцкага, Зыгмунта Касьціньскага, Уладзіміра Камарова, Рамана Пазіньскага і Войск Аховы Памежжа. Агулам на іх жыве каля 6000 чалавек, але ім не прыйдзецца змяняць дакументы са старым адрасам – яны будуць дзейсныя надалей.
Вуліца Толкіна?
У першай палове лістапада прэзідэнт Беластока Тадэвуш Трускаляскі правядзе кансультацыі з гараджанамі, а пасля прадставіць свае прапановы наконт новых назваў. Жыхары Беластока могуць дасылаць свае варыянты да канца верасня на адрас konsultacje@um.bialystok.pl. Будуць падрыхтаваныя анкеты з біяграфіямі магчымых асоб, у гонар якіх назавуць вуліцы. Жыхары гэтых вуліц змогуць адзначыць там свае меркаванні.
У гарадской адміністрацыі Беластока ўжо існуе “банк назваў” – збор прапановаў, якія раней рабілі жыхары горада. Сярод іх ёсць прозвішчы паэта ксяндза Яна Твардоўскага, знакамітага эсперантыста Якуба Шапіры і нават Джона Толкіна.
11 вуліц павінны змяніць назву цягам году – найпазней да 2 верасня 2017 года. З 1989 года ў Беластоку “дэкамунізавалі” ўжо 27 назваў вуліц: зніклі ў тым ліку вуліцы Дзяржынскага, Гагарына, Гамулкі, Леніна і 27 ліпеня.