Аслы і сланы ва Універсітэце Амерыкі. Як выбары выкарыстоўваюць у навучальных мэтах
На лекцыі прафесаркі Кэндзіс Нэльсан (Candice Nelcon), прысвечанай сёлетнім выбарам, у якасці прыкладаў для разбору прадстаўляліся запісы з дэбатаў папярэдніх прэзідэнцкіх кампаній. Якія тэзісы выкарыстоўвалі кандыдаты, як гэта ўплывала на іх імідж, якія групы насельніцтва адрэагавалі на перадвыбарчую рыторыку, як змяняліся вынікі папярэдніх апытанак – усё гэта стала прадметам аналізу.
Вечарынка з Клінтан, Трампам і ўсімі астатнімі. Як уся Амерыка глядзіць перадвыбарчыя дэбаты
Міленіялы і Ярмошына. Што амерыканцам добра, таго Цэнтрвыбаркаму не зразумець
Пад час дыскусіі, што была арганізавана ўжо для журналістаў, спецыялісты з універсітэта выказвалі свае меркаванні з нагоды будучых выбараў.
На думку студэнтаў, найважнейшы выбар, што можа зрабіць моладзь – гэта выбар паміж тым, ісці ці не ісці на выбары. Асабліва гэта важна, калі тычыцца першай магчымасці галасаваць, бо ад пачатку фарміруе грамадскую пазіцыю чалавека, яго ўсведамленне заангажаванасці ў прыняцце рашэнняў дзяржаўнага масштабу.
Што да сёлетніх выбараў, то ўсе падкрэслівалі павышаную зацікаўленасць грамадскасці: пачуць абмеркаванні кандыдатаў і іх праграм можна не толькі ў медыях ці на спецыялізаваных лекцыях, але і ў кавярні ці грамадскім транспарце. Паводле адмыслоўцаў, яўка на выбары сёлета будзе нават больш высокай, чым у 2008 годзе, калі першы раз абралі Барака Абаму.
Між тым, студэнцкае жыццё ідзе сваім ходам – нехта трэніруецца ў публічных выступах наўпрост перад мінакамі, нехта выкарыстоўвае вольную хвіліну для трэніроўкі ці адпачынку на лужку, ці ладзіць свае мерапрыемствы.
Пазначаць дэмакратаў асламі, а рэспубліканцаў сланамі сталі з лёгкай рукі мастака Томаса Нэста (Thomas Nast), які на пачатку 70-х гадоў ХІХ стагоддзя маляваў карыкатуры для часопіса Harper’s Weekly.