Падпісанне кантракту па будаўніцтве АЭС перанесена

|

Раней падпісаць кантракт абяцалі да канца 2009 года. Прэс-сакратар расійскай кампаніі, якае пабудуе АЭС, Вольга Цылёва паведаміла “Еўрарадыё”, што кантракт яшчэ рыхтуецца – у распрацоўцы. У “Атамбудэкспарце” спадзяюцца, што да канца першага квартала 2010 года кантракт падрыхтуюць. Але гэта — палітычнае рашэнне, і таму ўсё залежыць ад высокага кіраўніцтва, паведаміла прэс-сакратар “Атамбудэкспарта”. Паводле яе слоў, пра магчымыя кошты будучага кантракту па-ранейшаму нічога не вядома.

Галоўны інжынер Дырэкцыі будаўніцтва беларускай АЭС Анатоль Бондар кажа, што кіраўніцтвам прынятыя наступныя тэрміны: кантрактнае пагадненне плануюць падпісаць да канца першага квартала 2010 года, а генеральны кантракт — да 30 чэрвеня 2010 года. Толькі пасля гэтага распачнуцца актыўныя працы.

Пакуль адмашку не далі, на месцы будучай АЭС вядуцца падрыхтоўчыя працы. Ужо пабудавалі першы дом, кажа Анатоль Бондар:

Мы вытрымліваем пытанні працэдурнага плана — гатоўнасць абаснавання інвестыцый, моманты, звязаныя з МАГАТЭ, з грамадскімі канвенцыямі… Ужо не сакрэт, што пабудаваны першы жылы дом. Ніжнія паверхі будуць пад офісы арганізацый: Дырэкцыі атамнай станцыі, БелНІПІэнергапрам, “Белэнергабуд” і г.д.

Што тычыцца грамадскіх канвенцыяў – у канцы мінулага году Камітэт па пытаннях захавання Орхускай канвенцыі прыняў да разгляду справу аб неадпаведнасці дзеянняў уладаў Беларусі пры прыняцці рашэння аб будаўніцтве АЭС патрабаванням канвенцыі ААН “Аб доступе да інфармацыі, ўдзелу грамадскасці ў працэсе прыняцця рашэнняў і доступе да правасуддзя па пытаннях, што тычацца навакольнага асяроддзя” (Орхуская канвенцыя), пра што “Твой Стыль” пісаў у канцы снежня.

Здымак з nest.by