Прэзентацыя-перфоманс адбылася ў Гродне
Дзвюхмоўнае выданне “Гедымін. Каралеўства Літвы і Русі (1316-1341)” працягвае серыю “Жыццёпіс Вялікіх Князёў Літоўскіх”, першая кніга была прысвечана асобе Міндоўга.
Алесь Краўцэвіч прэзентаваў выданне на фоне выставы графікі Ігара Гардзіёнка, які зрабіў мастацкае аздабленне кнігі пра Гедыміна. У “Крызе” наведнікі могуць убачыць ілюстрацыі ў натуральную велічыню.
На прэзентацыі сп. Алесь Краўцэвіч патлумачыў, чым сёння актуальнае выданне пра нашых славутых продкаў:
– Калі нейкі народ хочуць знішчыць, спачатку адбіраюць мову, а потым гісторыю. Мову ў нас адабралі, другую нам насадзілі. Гісторыю ў нас адабралі. Гэты горад пачаў узвышаць вялікі князь Гедымін. Ці ёсць у Гродне вуліца імя Гедыміна? Гэта чалавек, які непасрэдна спрычыніўся да стварэння беларускага народа. Сённяшняя Беларусь ёсць таму, што быў і працаваў вялікі князь Гедымін. Таму што ён упершыню ў адзінай дзяржаве сабраў усе гістарычныя вобласці Беларусі. Упершыню ў XIV ст у адной дзяржаве апынулася Панямонне, Літва, Русь , Полаччына, Віцебшчына, Палессе, Падляшша. І гэтае аб’яднанне загарантавала тое, што Беларусь ёсць.
Гісторык перакананы, што павінны быць ордэн Гедыміна – “выдавацца выдатным дыпламатам і дзяржаўным дзеячам”, павінны быць вуліцы, праспекты, помнікі Гедыміну, якіх няма.
– Каб не дапусціць занядбання гістарычнай памяці, мы і выдаем серыю “Жыццёпіс Вялікіх Князёў Літоўскіх”. Гэта сведчыць яшчэ пра тое, што мы жывем, памяць гістарычная ёсць. Наш з Ігарам Гардзіёнкам праца – наш сціплы ўклад у гэтую святую справу, – дадаў Алесь Краўцэвіч.
Пра візуальны бок кнігі распавёў аўтар ілюстрацый Ігар Гардзіёнак:
– Унікальнасць гэтага праекта ў тым, што той гістарычны час нашай гісторыі быў як цьмяная пляма, бо засталося вельмі мала артэфактаў, дакументаў пра гэты час. Гэтае выданне – па-сутнасці, рэканструкцыя і архітэктуры, і касцёла, і зброі – усё гэта можна пабачыць у кнізе. Т.ч., сёння мы можам пабачыць і ўявіць па кнізе той час.
На выставе ў “Крызе” таксама былі прадстаўлены працы Ігара Гардзіёнка, якія наўпрост не тычыліся прэзентаванай кнігі. Аднак, як патлумачыў графік, тыя працы раскрываюць тую самую тэму – рэцарскую тэму мужнасці, гераізму, тым самым як бы дапамагаючы ўвайсці ў эпоху XIV ст. Працы зроблены ў цікавай і складанай тэхніцы – ляўкасе.
Новую кнігу Алеся Краўцэвіча можна набыць праз інтэрнэт і ў кнігарнях “Белкнігі”.
Зараз рыхтуецца да друку таксама наступная кніга з гэтай серыі – “Ад Войшалка да Віценя. Выпрабаванне на трываласць”.