Алеся Кіркевіча вінавацяць ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (абноўлена)
Як распавёў Алесь Кіркевіч, намеснік начальніка Ленінскага РАУС Гродна Павел Лапата сёння раніцай асабіста патэлефанаваў яму і выклікаў з нагоды дачы тлумачэнняў па падзеях у Свіслачы 27 кастрычніка.
Сустрэча з Паўлам Лапатам была прызначана на 15 гадзін.
Усе тлумачэнні Кіркевіча змясціліся ў чатырох радках.
На думку актывіста, хутчэй за ўсё будзе суд.
Алесь Кіркевіч:
– Гэтае тлумачэнне цяпер пойдзе ў Свіслач. Там ужо ўсё будзе вырашацца. Практыка паказвае, што, калі б не рыхтавалі суд, такімі справамі ніхто б не займаўся.
27 кастрычніка ў Свіслацкім раёне прайшоў традыцыйны фэст, прысвечаны братам Каліноўскім і паўстанцам 1863 г.
Тады за “парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў” затрымалі чатырох чалавек: Алеся Крата, Станіславу Гусакову, Віталя Лопасава і Вітольда Ашурка. Траіх з іх асудзілі да адміністратыўных арыштаў, Віталю Лопасаву далі штраф.
Праз некалькі тыдняў міліцыя ўзяла тлумачэнні у трох жыхароў Свіслачы – Анатоля Валюка, Віктара Дзесяціка і Юрыя Глебіка. У выніку на іх таксама былі складзеныя пратаколы аб парушэнні заканадаўства аб правядзенні масавых мерапрыемстваў.
Суд над Валюком адбудзецца 26 лістапада, над Дзесяцікам і Глебікам – 27 лістапада.
Здымак http://www.svaboda.org