Мікалаю Аўтуховічу – 50 гадоў
У маі 2010 года Мікалай Аўтуховіч рашэннем Вярхоўнага суда быў асуджаны па ч. 3 арт. 295 КК (незаконныя дзеянні ў адносінах да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў) на пяць гадоў і два месяцы пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі строгага рэжыму.
Першапачаткова Аўтуховіч абвінавачваўся ў падрыхтоўцы тэрарыстычнага акта ў дачыненні да намесніка міністра па падатках і зборах Васіля Каменкі і былога старшыні Гродзенскага аблвыканкама Уладзіміра Саўчанкі, а таксама ў арганізацыі падпалу дома экс-начальніка Ваўкавыскага РАУС Сяргея Кацубы ў 2004 годзе. Суд гэтыя абвінавачванні зняў.
Праваабаронцы лічаць Аўтуховіча палітзняволеным і ўказваюць на сур’ёзныя працэсуальныя парушэнні, зафіксаваныя падчас суда.
У 2010 годзе Мікалай Аўтуховіч трапіў у складзены Freedom House спіс пятнаццаці найбольш вядомых у свеце палітвязьняў.
Аўтуховіч адбываў пакаранне ў Івацэвіцкай калоніі №5. Там з-за невяносных умоваў учыніў спробу самагубства.
17 студзеня 2012 года суд пастанавіў, што былы прадпрымальнік не стаў на шлях выпраўлення, таму для адбывання пакарання будзе пераведзены ў турму.
Рэшту тэрміну палітвязень адбывае ў Гродне.
22 жніўня ён упершыню за год сустрэўся з сям’ёй.
Упершыню Мікалай Аўтуховіч трапіў за краты ў кастрычніку 2005 года: за нявыплату падаткаў яго асудзілі на тры з паловай гады.
Напісаць ліст вязьню можна па адрасе: 230023, вуліца Кірава 1, Гродна, турма № 1