Вандроўка па даўнім Гродне. Частка І: чыгуначны вакзал

|

Каб чытачам было цікавей, мы забяспечваем выявы грунтоўнымі подпісамі-каментарамі. Пакуль што мы вырашылі спыніцца на паштоўках перыяду Расійскай Імперыі – гэта значыць надрукаваных паміж 1901 (прыкладна гэтым годам датуецца першая гродзенская паштоўка) і 1914 гг.

 

Такім чынам запрашаем вас у вандроўку па Гродне сучасным і Гродне стогадовай даўніны. І як кожны вандроўнік, мы пачынаем нашае падарожжа з вакзала.

1. Гродзенскі чыгуначны вакзал быў пабудаваны каля 1867 года, праз пяць гадоў пасля таго, як праз Гродна прайшла першая ў Беларусі чыгунка.

 

Вакзал першапачаткова выглядаў не зусім так, як на здымку. Ён быў крыты не бляхай, а дахоўкай, таксама адсутнічалі два вялікія бакавыя аб’ёмы (па пяць вокнаў), якія прыбудавалі толькі ў канцы ХІХ ст. Менавіта тады былыя залы чакання пераўтварыліся ў калідоры-праходы ў асноўныя залы, а над імі замест суцэльнага даху былі зроблены светавыя шкляныя, як у цяпліцах, пакрыцці. Такія канструкцыі былі вельмі папулярныя на тагачасных вакзалах.

 

Другі паверх вакзала быў заняты службовымі кватэрамі начальніка станцыі і іншых спецыялістаў. Дарэчы, у недалёкай ад нас польскай Саколцы чыгуначнікі дасюль жывуць у будынку вакзала.

 

На пероне складзены разнастайныя грузы – бочкі, куфры, чамаданы. Стаіць добра вядомая і цяпер тачка вакзальных насільшчыкаў. На сценах газавыя (керасінавыя) ліхтары, да аднаго з якіх нават прыслоненая лесвічка – нехта ўзбіраўся, каб патушыць ліхтар і забыў яе.

 

Апрача надпісу “Гродна” на сценах будынка бачны і іншыя надпісы, прачытаць якія складана. Мабыць таксама як і цяпер – “касы”, “рэстаран” і інш. За будынкам вакзала ўжо ўзвышаюцца некаторыя гродзенскія храмы, у прыватнасці фарны касцёл і купал Свята-Пакроўскага сабора.  

 

2. Гэта, бадай, адна з самых рэдкіх і старых гродзенскіх паштовак (першыя паштоўкі падпісваліся акурат там, дзе была выява, на адваротным баку пісалі толькі адрас). Але і тут гродзенскі вакзал адлюстраваны ўжо з заламі чакання.

 

За вакзалам – ваданапорная вежа арыгінальнай канструкцыі, вядомая яшчэ з 1870-х – 1880-х гг. Яна пасля моцна пацярпела ў час баёў за горад у пачатку верасня 1915 г. “Ст. Гродна, С.П.В. жел. дор.” расшыфроўваецца як “Станцыя Гродна, Санкт-Пецярбуржскай чыгункі”.

 

3. Дзякуючы гэтай выяве мы можам крыху лепш уявіць сабе ваколіцы вакзала з боку шляхоў. Злева ад будынка за вагонамі – чыгуначныя пакгаўзы-склады, падобныя да тых пры вул. Будзённага, якія апошнім часам належалі беларускай мытні. Склады гэтыя былі бадай што равеснікамі самога вакзала, але зусім нядаўна іх знеслі, будуючы стаянку перад польскім консульствам.

 

Насупраць бакавой сцяны вакзала бачна чыгуначная калонка, якая ўжывалася найперш для залівання вады ў катлы паравозаў, але магла быць прыдатная і для тушэння пажараў. Таксама бачым, што на станцыі Гродна было як мінімум сем чыгуначных пуцей.

 

У дальняй перспектыве здымка – адзіны ацалелы да сёння аб’ект – чыгуначнае дэпо для рамонту паравозаў, перабудаванае ў пасляваенныя гады ў жылы дом. Сёння гэты вялікі закінуты будынак стаіць каля былога аўтамабільнага пераезда праз чыгунку.

 

4. А вось так выглядала плошча перад чыгуначным вакзалам з боку горада. Праўда, падобна да цяперашняга Беластока? Каля ўвахода – фурманка, тагачасная таксоўка, якая за 30-40 капеек магла давесці вас аж на Занёманскі фарштат.

 

Перад вакзалам стаяць хутчэй за ўсё салдаты гродзенскага гарнізона, паліцэйскія выглядалі бы болей урачыста. Фурманкі мелі вельмі прыстойны выгляд і пастаянна кантраляваліся ўладамі.

 

Што за “трамвайныя шляхі” пракладзены па бруку перад вакзалам – няясна. Вядома, што пасля пабудовы гродзенскай электрастанцыі ў 1912 г. гарадскія ўлады планавалі пусціць трамвай акурат ад чыгуначнага вакзала да параходнай прыстані, каб курортнікам зручна было дабірацца да параходаў, якія везлі іх “на воды” ў Друскенікі. Але трамвай так і не з’явіўся. Магчыма каляю зрабілі, думаючы на перспектыву.

 

Калі прыгледзіцеся да сцен будынка, то пабачыце адчыненыя газавыя (керасінавыя) ліхтары (мабыць праветрываліся) і шматлікія трыманні для сцягоў.

 

5. Яшчэ адзін здымак прывакзальнай плошчы. Каля ўвахода – некалькі насільшчыкаў у белых фартухах. Дарэчы, гэты фартух быў абавязовым элементам аснашчэння насільшчыка і павінен быў мець ідэальны белы колер – карпаратыўная традыцыя! Тут жа цэлы шэраг фурманак, адна з якіх ад’язджае, праўда без пасажыра.

 

На пярэднім плане газавы (керасінавы) ліхтар арыгінальнай канструкцыі. Кожны вечар спецыяльны службоўца апускаў лямпу (бачыце сістэму блокаў і вяроўкі) і падпальваў яе, даліваючы газы. Ранкам ліхтар тушылі. Такіх літароў у Гродне ў 1860 годзе было каля 150. Пасля з’яўлення электрычнага асвятлення ў 1912 г. на галоўных вуліцах горада з’явіліся электрычныя ліхтары, але і такія працягвалі існаваць і мы бачым іх нават на нямецкіх паштоўках 1915 – 1919 гг.

 

Яшчэ адзін цікавы элемент – труба, якая тырчыць з-за вакзала. Можна меркаваць, што гэта труба нейкай філіі гродзенскай станіславоўскай кафлярні, якая дасюль размяшчаецца на вуліцы Чырвонаармейскай.

 

Таксама хочацца звярнуць увагу на металічную абрашотку клумбы, якая прыйшла на змену драўлянаму плоту з папярэдняга здымку. Няма сумневу, што паходзіла яна з гродзенскіх майстэрняў Качана (знаходзілася літаральна ў некалькіх метрах ад вакзала) або Сіліневіча.     

 

6. Мы выязджаем з вакзала ў горад і азірнуліся назад. Наша фурманка знаходзіцца акурат каля скрыжавання з вуліцай Элізы Ажэшкі, якая ў тыя часы мела назву спачатку Садовая, а пасля Мураўёўская. Дом злева замыкаў вуліцу Ажэшкі і быў бачны амаль ад скрыжавання з Сацыялістычнай.

 

Справа – бакавая частка зруйнаванай ў 1960-х гг. карчмы “Раскоша” часоў Антонія Тызенгаўза. Карчма паўтары стагоддзі выконвала свае непасрэдныя функцыі. І тут мы бачым рэкламу піва (напэўна з гродзенскага піўзавода Іосіфа Кунца), а таксама бліноў, гарбаты, кавы і… цукру. Усё гэта можна было пакаштаваць у карчме, хаця, напэўна, чайная была і на вакзале.

 

Цікава, што двуколавы вазок, які стаіць каля карчмы, яўна прызначаны для персоўвання чалавекам. Мабыць, нейкія прысмакі прыкаціў у карчму хлопчык.

 

Звяртае на сябе ўвагу таксама слуп – безумоўна не электрычны, а тэлеграфны. На вакзале знаходзілася тэлеграфная станцыя і наогул першыя тэлеграфы на нашых землях з’яўляліся разам з чыгункай. Слупы ішлі ўздоўж пуцей.

 

Вось мы і пакінулі прывакзальную плошчу. Далейшы маршрут нашай вандроўкі пройдзе па вуліцы Элізы Ажэшкі. Запрашаем.

 

Фотаздымкі Яна Лялевіча


     
  Чытай працяг: Вандроўка па старым Гродне. Частка ІІ. Станіславова, Алея Кахання, Сабачая горка