Вандроўка па старым Гродне. Частка VI. Швейцарская даліна

|

Калі ўпершыню быў ужыты тапонім “Швейцарская даліна” і каму наагул прыйшло ў галаву так назваць гэты куточак горада мы не ведаем, але параўнанне прыйшлося гарадзенцам даспадобы. Назва гэтая не сыходзіла са старых паштовак некалькі дзесяцігоддзяў і працягвала ўжывацца і ў міжваенны час.

 

На большасці паштовак са Швейцарскай далінай мы можам убачыць так званы Губернатарскі мост, які злучаў сучасную плошчу Тызенгаўза з Сацыялістычнай вуліцай. Мост захаваўся дасюль, але функцыю сваю выхоўвае толькі напалову. З другога боку даліна Гараднічанкі засыпаная і ўтварае плошчу Леніна.

 

Маляўнічыя пагоркі, парослыя рознымі лісцевымі дрэвамі, шматлікія мосцікі (мы налічылі іх як мінімум чатыры) надавалі Швейцарскай даліне асаблівай непаўторнасці. Сёння пагоркі з большага выраўняныя, дрэвы павысыхалі пасля апошняй рэканструкцыі а масткоў стала намнога менш.

 

Мосцік з перспектывай на бакавы фасад палаца Тызенгаўза, тады тут жыў гродзенскі губернатар. Мы яшчэ падыдзем да яго, тут толькі скажам, што ёсць вельмі падобны малюнак Напалеона Орды і акурат за гэтымі вокнамі знаходзілася дамавая капліца губернатараў.

Тут ёсць дзе пашукаць адрозненняў. Бачым, што з боку вуліцы Ажэшкі ўзбярэжжа Гараднічанкі было куды болей шырокае, чым цяпер. Мабыць, крыху памянялі рэчышча ракі, калі будывалі валейбольшую пляцоўку ў 1950-х гг. Бачна таксама забудова плошчы Тызенгаўза – архіў, які захаваўся дагэтуль, далей будынак псіхіятрычнай бальніцы, якога даўно няма. Перад будынкамі стаіць драўляны кіёск.

 

Швейцарская даліна ў самыя розныя перыяды году. Колькі было дрэваў і іншай расліннасці! Так многа, што ані палац Тызенгаўза, ані прыгожая альтанка пад канец парку не будуць бачныя.

 

Здымкі Яна Лялевіча

 

     
 

Папярэднія выпускі

 

Частка І: чыгуначны вакзал

Частка ІІ. Станіславова, Алея Кахання, Сабачая горка

Частка ІІІ. Кірха, Аляксееўскае вучылішча, Вайсковы сабор

Частка ІV. Домік Элізы Ажэшкі і Марыінская гімназія

Частка V. Гарадская пошта