Зміцер Варац: Наша зборная спыніла бой і выйшла на рынг мяне падтрымаць

Менавіта за гэтым медалём цягнецца “скандальны” шлейф еўрапейскага судзейства. Пра свае ўражанні ад Чэмпіянату Еўропы, сувязі вялікага спорта і палітыкі, а таксама планах на будучыню, Дзмітрый Варэц распавёў карэспандэнту “Твайго стылю”.

 

Дзмітрый Варац: “Мне з дзяцінства падабаліся фільмы з Джэкі Чанам і Брусам Лі. Ужо тады я хацеў браць прыклад з іх: садзіцца на шпагат і біць з развароту. Мой брат тады займаўся тайскім боксам і прывёз з спаборніцтваў медаль. Тады я падумаў, што павінен мець такую ж узнагароду і пайшоў займацца ўслед за ім. Так у 11 гадоў я пачаў займацца ў спартыўным клубе “Бэст”.

Дзмітрый пераспрабаваў мноства відаў спорту, але ўсё ж вырашыў спыніцца на тайскім боксе. У спаборніцтвах ён выступае за родны горад, у ім жа і трэніруецца. Аднак акрамя гарадзенскага трэнера, у Дзмітрыя ёсць яшчэ і асабісты трэнер у Мінску.


Дзмітрый Варац: “У Гродне вельмі мала шанцаў кудысьці выбіцца. У мінскіх хлопцаў у гэтым плане больш магчымасцяў для росту. Так я калісьці пасябраваў з мінскім трэнерам, і ён стаў браць мяне з сабой на зборы і спаборніцтвы, знаходзіць сродкі на паездкі і чэмпіянаты”.

 

Раней спартсмен выступаў у спаборніцтвах па кікбоксінгу. У 2007 годзе ён стаў чэмпіёнам свету і з таго часу прадстаўляць Беларусь у гэтым відзе спорту перастаў.


Дзмітрый Варац:Мне больш па душы тайскі бокс з-за традыцый і рытуалаў. Тым больш, ў кікбоксінгу я ўжо атрымаў тытул чэмпіёна свету, а ў тайскім боксе ўжо пяць гадоў запар праігрываю тайцам.

Я ўжо трохразовы чэмпіён Еўропы, срэбны і бронзавы прызёр Чэмпіянатаў свету па тайскім боксе. Аднак пакуль не ўдаецца выйграць золата ў Чэмпіянаце свету. Я ўдзельнічаў у баях, дзе гледачы і трэнеры казалі, што я быў мацнейшы за супернікаў. Мы спрабавалі падаваць пратэсты, пісалі апеляцыю. Аднак пакуль не ўсюды правілы на нашым баку, дзесьці ў спорт умешваецца і палітыка”.

 

Вялікі спорт патрабуе ад байцоў рэгулярных трэніровак і спецыяльнага харчавання.


Дзмітрый Варац: “Я трэніруюся 5-6 раз у тыдзень. Перад спаборніцтвамі і па два разы на дзень па дзве гадзіны. Гэта спартыўная зала, вуліца, басейн. Сачу за харчаваннем і ўзроўнем вадкасці: ем больш мяса, гародніны і садавіны, менш кетчупа, маянэзу, солі, цукру і салодкага. У сям’і гэта не дастаўляе шмат клопатаў, таму што я люблю сам сабе гатаваць”.

 

У апошні час набіраючае ў спартсменаў папулярнасць вегетарыянскае харчаванне Зміцер не падтрымлівае.


Дзмітрый Варац: “Я думаю, што гэта асабісты выбар, бо ў кожнага свая матывацыя. Калі ты баец, то жывёльна-бялковая ежа проста неабходная. Збалансаванае харчаванне трэба для добрай формы. Ёсць бялковыя дабаўкі, але ўсё роўна прыродныя прадукты больш карысны для арганізма”.

Што да Чэмпіянату Еўропы, які прайшоў у Лісабоне, Дзмітрый лічыць яго адным з самых цяжкіх турніраў у сваёй 13-гадовай кар’еры.


Дзмітрый Варац: “У выніку лёсавання мне трапіліся вельмі моцныя супернікі. У першым баі сустракаўся з украінцам Ігарам Любчанкам, чэмпіёнам свету мінулага года. Ён быў адным з самых сур’ёзных канкурэнтаў. Бой з ім быў вельмі цяжкім, мне прыйшлося аднаўляцца дзве гадзіны. Пасля бою не было магчымасці адпачыць – мяне адразу павялі на допінг-кантроль. На наступны дзень быў бой з французам, на трэці – з палякам. У апошнім баі біўся за чэмпіёнскі тытул з расейцам.

 

Менавіта з гэтым боем звязаная скандальная гісторыя, пасля якой уся беларуская зборная выйшла на рынг і спыніла бой.


Дзмітрый Варац: “Бой ішоў у маім ключы, я выйграваў ва ўсіх трох раўндах. А ў канцы суддзя падняў руку расейцу. Не ведаю чаму і каму гэта было патрэбна. У гэты момант уся наша каманда выйшла на рынг мяне падтрымаць. Спаборніцтвы спынілі хвілін на 15-20. Нам парэкамендавалі напісаць пратэст, што мы і зрабілі. У выніку былі абраныя пяць нейтральных суддзяў, якім далі відэа бою. Яны зачыніліся ў асобным пакоі і пасля прагляду ўсё аддалі перамогу мне”.

 

Гэты Чэмпіянат Еўропы стаў адборачным на чэмпіянат World Combat Games-2013, які пачнецца 18 кастрычніка ў Санкт-Петербрге.

Дзмітрый Варац: “Гэты Чэмпіянат Еўропы быў ліцэнзійным і ў выніку перамогі я аўтаматычна атрымаў пуцёўку на Чэмпіянат свету. Мне здаецца, што хацелі, каб ехаў хто-небудзь іншы або палічылі, што пяці беларусаў будзе дастаткова, а шосты ўжо не патрэбны.


Спорт – гэта вялікая палітыка. Можа быць тут і ёсць нейкія палітычныя моманты, таму што тры гады Беларусь станавілася чэмпіёнам Еўропы ў агульнакамандным заліку. Можа быць камусьці гэта надакучыла і нас хацелі апусціць на пару радкоў ніжэй”.

 

Праблемы з судзействам не былі першымі, з якімі сутыкнулася беларуская зборная па тайскім боксе. Некаторыя спартсмены са зборнай не атрымалі візавай падтрымкі.


Дзмітрый Варац: “Некаторым байцам, якія мелі паехаць на гэты Чэмпіянат Еўропы і прэтэндавалі на медалі, не адчынілі візы. Польскае консульства ўстрымалася ад тлумачэнняў прычын. Нам сказалі, калі будзеце задаваць лішнія пытанні, вам анулююць візы. Тым не менш, на гэтым Чэмпіянаце Еўропы мы выступілі добра і, нягледзячы на перашкоды, занялі другое агульнакаманднае месца”.

У планах на World Combat Games-2013 Дзмітрый бачыць толькі перамогу.


Дзмітрый Варац: “Еду толькі выйграваць. Аб нейкім трэцім месцы нават думаць не хочацца. Увесь час перамога дзесьці блізка-блізка, а стаць чэмпіёнам ніяк не выходзіць. Зараз буду рыхтавацца яшчэ мацней, чым раней. Гэта важны турнір, які праходзіць адзін раз у чатыры гады і ніхто не ведае, ці будзе яшчэ ў мяне магчымасць у ім удзельнічаць”.

 

Ужо год як баец лічыцца ў Міністэрстве спорту і турызму як спартсмен на стаўцы. Тайскі бокс – гэта тая сфера, з якой Дзмітрый хоча звязаць жыццё і будуе планы на будучыню.

 

Дзмітрый Варац:Зараз я пацвердзіў свой тытул і думаю, што з наступнага года даход павялічыцца. Акрамя таго ў тайскім боксе можна зарабляць грошы з дапамогай прафесійных камерцыйных баёў”.


Старшыня Беларускай федэрацыі кікбоксінга і тайландскага боксу Валерый Гайдукевіч 1 жніўня на прэс-канферэнцыі ў Мінску заявіў, што для тайскага бокса зараз не лепшыя часы.

 

Дзмітрый Варац: “Зараз у краіне крызіс і ўсе фінансы у спорце накіроўваюцца на алімпійскія віды. Тайскі бокс – не алімпійскі від і тут вялікага фінансавання чакаць не прыходзіцца. Так, грошы выдзяляюцца, але не на ўсю паездку, а часткова. Ці вывозяць не ўсю каманду, а пару чалавек. Астатнія спартсмены павінны шукаць спонсараў самастойна”.

 

Нядаўна пісалі пра тое, што заробкі ў гарадзенскіх трэнераў і футбалістаў складаюць больш за 30 млн. рублёў. Аднак беларускі футбол не прэтэндуе на высокія месцы ў сусветных чэмпіянатах, у той час як у тайскім боксе ёсць мноства чэмпіёнаў-беларусаў. Ці не крыўдзіць такая дыскрымінацыя?


Дзмітрый Варац: “Футбол – алімпійскі від спорту, а алімпійскія віды заўсёды былі больш фінансава прывабнымі. Сусветны спорт – не толькі спорт, але і палітыка. Хакей, футбол, тэніс – тут заўсёды былі і будуць грошы. У сусветным боксе спартсмены зарабляюць мільёны долараў. У нас у краіне баксёры-аматары нічога не зарабляюць, таму і сыходзяць з вялікага спорту.


Што тычыцца тайскага бокса – для мяне гэта любімая справа. Я жыву ім. Я займаюся тым, што мне падабаецца. Таму я тут, а не ў хакеі, футболе або тэнісе”.

Ці не губляе папулярнасць тайскі бокс з-за таго, што ён не ўваходзіць у алімпійскія віды спорту?


Дзмітрый Варац: “Я не скажу, што тайскі бокс не карыстаецца папулярнасцю. У Гродне многія ім займаюцца, бо ён весялей, чым бокс. Тут дазволеныя барцоўскія прыёмы, удары не толькі нагамі і рукамі, але таксама локцямі і каленамі. З кожным годам мы стараемся яго развіваць у нашым горадзе. Я гляджу ў будучыню ўжо не толькі як спартсмен, але і як трэнер. На фоне міжнароднага спорту, тайскі бокс усё бліжэй падыходзіць да ліку алімпійскіх відаў спорту.


У гэтым годзе я планую адкрыць спартыўную залу ў Гродне. Вядома, патрэбныя вялікія ўкладанні, каб яе абсталяваць, але я думаю, што ў верасні-кастрычніку ўжо пачну трэніраваць хлопцаў. Думаю, што без праблем змагу сумяшчаць спартыўную кар’еру і весці групавыя і індывідуальныя заняткі па тайскім боксе і кікбоксінгу”.

Пра тое, ці будуць сучасныя дзеці прыходзіць у тайскі бокс, і што трэба, каб стаць чэмпіёнам, спартовец адказаў так:


Дзмітрый Варац: “Сучасныя дзеці больш гуляюць у кампутарныя гульні, чым займаюцца спортам. У маім дзяцінстве ў двары дзеці гулялі ў футбол, цяпер рэдка такое пабачыш.


Тайскі бокс як від спорту – вельмі цяжкі. Безумоўна, з дзяцінства патрэбен характар. Талент ужо развіваецца далей. Шмат бывае таленавітых дзяцей, але ім лянота трэніравацца. А бывае, нехта вельмі хоча чагосьці дамагчыся, шмат трэніруецца і дасягае сваіх мараў.


Тайскі бокс развівае не толькі фізічна, але і духоўна. У ім ёсць традыцыі і рытуалы, танцы, музыка. Таксама ён вучыць пастаяць за сябе. Мне кажуць: “Ты, напэўна, на вуліцы часта б’ешся?”. Я адказваю так: тайскі бокс вучыць вырашаць канфлікты мірным шляхам, не ужываючы кулакі. Чым старшэй становішся, тым больш гэта і разумееш”.


Здымкі прадстаўленыя Дзмітрыем Варцам