Аўтуховіч вызваліўся з гарадзенскай турмы. Яго сустракала каля паўсотні чалавек

Найперш Аўтуховіч плануе паклапаціцца пра здароўе. Пасля сустрэчы з маці ён адразу накіруецца здаваць аналізы. Па яго ўласнай ацэнцы, стан здароўя “прымальны”. Паправіўшы здароўе, Мікалай не плануе весці больш спакойны лад жыцця. “Пры маім характары гэта немагчыма. Мая невінаватасць зусім блізка – трэба толькі яе выцягнуць наверх, каб усе прызналі, што мяне пасадзілі і канфіскавалі маёмасць ні за што”.

Расказаў Аўтуховіч і пра гучны эпізод мінулай восені, калі ён разрэзаў сабе жывот: “Так склаліся абставіны. Каб абараніць сваю годнасць трэба было зрабіць так, а не інакш. Гэта быў не столькі ціск адміністрацыі, колькі подласць і правакацыя”.

 

Аўтуховічу двойчы прапаноўвалі напісаць просьбу аб памілаванні. Ён адмовіўся бо, па яго словах, не супрацоўнічае з тымі, хто яго пасадзіў: “Я адразу сказаў, што на гэтую ўладу працаваць не буду”.

Мікалай нагадаў журналістам, з чаго пачаліся яго праблемы з уладамі: “Яны не хочуць сядзець у турме, таму садзяць тых, хто іх выкрывае. Усё з гэтага і пачалося, калі мяне хацелі прымусіць плаціць ні за што. Я збіраў кампрамат – вымушаны быў займацца працай органаў. Калі я ўсё пачаў прад’яўляць, некаторых супрацоўнікаў падатковай нават арыштавалі, але пазней знайшлі нешта палітычнае ў маіх выказваннях і іх вызвалілі, а мяне пасадзілі”.

 

Па словах Аўтуховіча, ператрываць складаныя ўмовы за кратамі яму дапамагла салідарнасць – за ўвесь час ён атрымаў каля 2200 лістоў. Апошнія два лісты прыйшлі напярэдадні вызвалення.

Аўтуховіча перавялі ў Гродна ў студзені 2012 года за тое, што ў калоніі пад Івацэвічамі ён быццам бы быў злосным парушальнікам рэжыму. Цяпер, пасля вызвалення, яшчэ год і чатыры месяцы Мікалай будзе пад прэвентыўным наглядам. З 22.00 да 6.00 яму трэба будзе знаходзіцца дома, ён не зможа выязджаць за межы роднага горада.