Выстава экспанатаў стакгольмскага Музея арміі адкрываецца ў Гродне
Больш за 1000 артэфактаў прадстаўленыя на некалькіх дзясятках стэндаў – яны прыехалі ў Гродна ў сярэдзіне мінулага тыдня. Гэта асабістыя рэчы салдат першай паловы ХХ ст., перадусім тых, што ваявалі ў Еўропе, ЗША і Японіі. Яны паходзяць з прыватнай калекцыі вядомага шведскага калекцыянера Торб’ярна Ленскага.
Шведскі музей арганізаваў выставу ў 2010 годзе і з таго часу яна паспяхова праходзіла ў гарадах Швецыі, Бельгіі, Нарвегіі і Польшчы (у Гродна яна адправілася акурат з Варшавы, дзе знаходзілася з 8 мая 2013 да 30 сакавіка 2014).
Сярод экспанатаў прадметы гігіены, вялікая колькасць фляг, партсігары, адмысловыя франтовыя размоўнікі на розных мовах, компасы, біноклі, медычныя інструменты і іншыя розныя побытавыя рэчы. Гэта абсалютна неабходныя жаўнерам рэчы, якія часта знікаюць у цені зброі або абмундзіравання, таму рэдка бываюць у цэнтры ўвагі.
Афіцыйнае адкрыццё выставы – у сераду 16 красавіка ў 16.00.
У Гродне выстава будзе да 20 чэрвеня, пасля чаго адправіцца ў Мінск і іншыя гарады Беларусі.