Для гасцей Чэмпіяната свету па хакеі электрычка Кузніца-Гродна стала больш камфортнай

Як паведамляе ў сацсетках наша сяброўка Кінга, якая выбралася ў Беларусь напярэдадні чэмпіянату, памежнік, які правяраў наяўнасць пашпартоў па дарозе з Брузгоў у Гродна, пабачыўшы білет на хакей, папрасіў яе перайсці ў пачатак цягніка. Па яго словах, госці краіны, што прыязджаюць на чэмпіянат, будуць праходзіць пашпартны кантроль першымі. У Гродне дзяўчына вышла з цягніка першай разам з памежнікамі, якія дапамаглі ёй паднесці заплечнік (!), у той час як рэшта пасажыраў усё яшчэ чакала адкрыцця вагонаў і пачатку “забегу”.

 

Нагадаем, што з нагоды Чэмпіянату свету па хакеі ў Мінску замежнікаў чакае таксама адмена платы за карыстанне некаторымі дарогамі Беларусі. На пунктах пропуска на мяжы ў канцы красавіка адчыніліся дадатковыя калідоры, пазначаныя сімволікай чэмпіянату. Бязвізавы рэжым з правам аднаразовага ўезду для тых, хто купіў білет на матчы чэмпіяната, дзейнічае з 25 красавіка да 31 мая.