Анатоль Лябедзька ў Гродне: Мы не хочам рабіць выгляд, што ўсё добра (ВІДЭА)
Раніцай старшыня Аб’яднанай Грамадзянскай Партыі збіраў подпісы на Паўднёвым рынку ў Гродне. За няпоуныя дзве гадзiны там сабралі больш за 70 подпiсау за палітыка. У абед Анатоль Лябедзька наведаў Скідзельскі рынак і Фарты.
Пабываў палітык і на прахадной “Гродна Азот”, дзе разам са сваёй камандай раздаваў інфармацыйныя матэрыялы і актыўна камунікаваў з работнікамі прадпрыемства.
А бліжэй да вечара ён правёў разам са сваёй ініцыятыўнай групай пікет ля Моладзёвага цэнтра Гродна. Варта адзначыць, што вялікая колькасць маладых людзей падыходзіла і размаўляла з кіраўніком АГП.
– Мы праехалі практычна ўсю краіну. Гродна – гэта, напэўна, ужо пяцідзесяты прыпынак. Многія нам задаюць пытанне: “А што будзе калі вы не набярэцца 100 тысяч подпісаў?” Калі не набяром, усё роўна будзем працягваць нашу кампанію па праграме “мільён новых працоўных месцаў”. Таксама нам задаюць пытанне: “Калі набярэцца пэўная колькасць подпісаў, і вас зарэгіструюць, чаму вы будзеце здымацца на апошнім этапе?” Вялікая праблема ў нашай краіне ў тым, што ў нас не лічаць ні нашы галасы, ні вашы. У нас няма свабодных і сумленных выбараў. І мы не хочам рабіць выгляд, што ўсё добра”, – адзначыў Анатоль Лябедзька.
Прадстаўнікі гарадзенскай ініцыятыўнай групы Анатоля Лябедзькі запэўніваюць, што патрэбную колькасць подпісаў яны збяруць у прызначаны тэрмін.
Збор подпісаў за вылучэнне кандыдатаў заканчваецца ўжо праз тыдзень – 21 жніўня. З 6 да 15 верасня Цэнтрвыбаркам зоймецца рэгістрацыяй кандыдатаў на прэзідэнта.
Лідар АГП не першы з верагодных кандыдатаў, які наведаў Гродна. Раней у наш горад завітала кандыдат ад кааліцыі “Народнага рэферэндуму” Таццяна Караткевіч.