Гарадзенскі дзіцячы хоспіс: “Усе дзеці нашы, і мы ўсім хочам дапамагчы”
У Гарадзенскім дзіцячым хоспісе каля 80 сем’яў з невылечна хворымі дзецьмі. Гэта каласальная эмацыйная і фінансавая нагрузка на цэнтр. Таксама ў хоспісе ёсць дзеці, якім толькі на спецыялізаванае харчаванне патрабуецца каля 18 мільёнаў у месяц. Гэтая цяжкая ноша ў асноўным ляжыць на бацьках.
Работнікі хоспіса дапамагаюць сем’ям медыкаментамі і абсталяваннем, аказваюць сацыяльную і псіхалагічную падтрымку. Але кожны, хто працуе ў хоспісе, ведае, што ён павінен рабіць яшчэ больш. Як адзначаюць самі валанцёры: “Усе дзеці – нашы, і мы ўсім хочам дапамагчы”. Цяпер адна з важных задач хоспіса – стаць больш вядомым і атрымаць падтрымку гараджан.
Цяпер дзейнасць хоспіса разгортваецца не так як звычайна. У будынку, дзе працуюць з дзецьмі, поўным ходам ідуць будаўнічыя працы.
– Мы будуем сэнсарны пакой, адначасова трэба зрабіць рамонт у суседніх памяшканнях: калідоры, прыбіральні, кабінеце псіхолага і сацыяльнага работніка. У будучыні хочам аформіць хол, які будзем выкарыстоўваць для сустрэч і навучальных заняткаў з бацькамі і валанцёрамі. Таксама ў планах акультурыць і ўладкаваць прылеглую да хоспіса тэрыторыю ў адпаведнасцi з прынцыпамі безбар’ернага асяроддзя і экалагічнымі стандартамі, з ужываннем энергазберагальных тэхналогій.
Зараз рыхтуемся да акцыі “Малюем веды”, што пройдзе 19 верасня, і яшчэ да аднаго мерапрыемства, прымеркаванага да Дня маці, яно будзе ў кастрычніку. На лістапад таксама ёсць цікавыя планы, якія пакуль далёкія ад рэалізацыі, але мы над гэтым працуем. Мы хацелі б зладзіць дабрачынны рок-канцэрт, а за сабраныя грошы купіць партатыўныя электраадсосы для 10 дзяцей, падапечных хоспіса, у якіх адсутнічае глытальны рэфлекс. Без гэтай тэхнікі дзеці не змаглі б жыць, а без партатыўнага апарата яны не могуць выходзіць на вуліцу і вымушаныя пастаянна знаходзіцца дома, – распавядае Ганна, работнік хоспіса.
Працы ў хоспісе прасоўваюцца дзякуючы добраахвотнікам
– У нас усё дзіўна, таму што кожны крок, літаральна, вытканы з паветра. Кожная новая задача вырашаецца дзякуючы выпадковым і выдатным людзям – добраахвотнікам, валанцёрам, спонсарам. Напрыклад, зараз у сэнсарным пакоі аббітая плітка, ускрыта падлога, усё будаўнічае смецце сабрана ў мяшкі. У хуткiм часе, калі ўсё складзем, смецце вывезуць, і тады мы зможам прыступіць да наступнага этапу – залівання сцяжкі. Далей па плане: сцены, падлога, столь, вокны, дызайн-праект, мастацкае афармленне, абсталяванне памяшкання.
align=”” width=”725″ height=”483″ >
Вось такiм у будучыні бачаць сэнсарны пакой работнікі хоспіса
Усё ў хоспісе робіцца выключна пры дапамозе звычайных людзей. Удзел можа быць настолькі разнастайным, наколькі людзі адрозніваюцца адзін ад аднаго. Хтосьці займаецца з дзецьмі і дапамагае ў сем’ях, хтосьці з бацькамі на творчых майстар-класах, хтосьці арганізоўвае акцыі, хтосьці распаўсюджвае інфармацыю, хтосьці дапамагае фізічнай працай, хтосьці грашыма, а хтосьцi займаецца прафесійнымi паслугамі. Як адзначаюць валанцёры, спіс магчымасцей вельмі вялікі.
“Чароўны пакой для асаблівых дзяцей” – далучыся да новага праекта дзіцячага хоспіса
Гарадзенскі дзіцячы хоспіс быў створаны ў 2008 годзе. Асноўная ідэя – аблегчыць боль і пакуты дзяцей. Важным напрамкам арганiзацыi з’яўляецца раскрыццё талентаў і магчымасцяў дзяцей з інваліднасцю, рэалізацыя праектаў, у аснове якіх ляжаць жаданні і мары дзяцей з дарослым поглядам на жыццё. Цяжка і безнадзейна хворыя дзеці адрозніваюцца ад сваіх аднагодкаў тым, што не могуць будаваць доўгатэрміновыя планы на жыццё, бо не ведаюць, што будзе заўтра. Але кожны з іх спрабуе дамагчыся задуманага, і супрацоўнікі хоспіса, валанцёры, неабыякавыя людзі стараюцца ім у гэтым дапамагчы.
Дзіцячы хоспіс вельмі разлічвае на падтрымку гарадзенцаў. Дапамагчы можна як грашыма, так і працоўнай сілай. Як дапамагчы, больш падрабязна можна даведацца ТУТ.