Унікальныя карты Лапіных, якія знайшлі пры рэканструкцыі былой фабрыкі, перададуць у музей
Некалі ў Гродне існавала вядомае прадпрыемства, прадукцыю якога ў 1930-х літаральна “трымаў у руках” ці не кожны жыхар тагачаснай Польшчы. Гэта была Першая краёвая фабрыка ігральных карт Аляксандра Лапіна.
У Гродне пачалася рэканструкцыя былой фабрыкі ігральных карт. Там будзе музей мытні
Як з’явіліся карты на Гарадзеншчыне
Першае вядомае прадпрыемства, якое рабіла карты ў Вялікім княстве Літоўскім, узнікла ў Вільні ў 1695 годзе, а ўжо ў 1770-х гадах Антоній Тызенгаўз заснаваў картачную мануфактуру ў Гродне. Яна існавала мінімум на працягу дзесяці гадоў. Што праўда, невядомы асартымент той мануфактуры, аднак вядома, што браты Лапіны, бяручыся за выданне ігральных карт, падтрымлівалі традыцыі яшчэ XVIII стагоддзя.
Першая краёвая фабрыка ігральных карт
Амаль адразу пасля ўзнікнення Польскай дзяржавы браты Аляксандр і Абрам Лапіны вырашыліся пашырыць сваю справу ў сферы літаграфічнага выдавецтва і пачалі рабіць захады каб атрымаць канцэсію на друкаванне ігральных карт. Яны атрымалі яе ў пачатку 1922 года, а праз нейкі час, найпазней зімой 1923 года, пачалі вырабляць карты. Гэта дазволіла Лапіным перайменаваць сваю літаграфію ў „Першую краёвую фабрыку ігральных карт”.
Фабрыка размясцілася ў будынку на сучаснай вуліцы Будзёнага, 56. Яна займала сем пакояў і шмат памяшканняў, узведзеных вакол будынка. У міжваенныя гады на фабрыцы працавала да 50 чалавек пад кіраўніцтвам тыпаграфа з Нямеччыны Макса Леапольда Коля.
Карты з гарышча надрукаваныя ў 40-х
Гарадзенскi гiсторык Андрэй Вашкевiч кажа, што знойдзенныя карты – гэта частка калод так званых “рэйнскіх” карт з “рэнесансным” аздабленнем. Такіх карт засталося няшмат. У Гродне іх няма зусім. Ёсць легенда пра продаж падобнай калоды за 300 або 400 еўра, але тая калода была ў добрым стане.
align=”” width=”725″ height=”544″ >
– “Рэйнскія” – гэта класічныя карты з пікамі, трэфамі і г.д. Былі яшчэ папулярныя у ХІХ ст. “прускія” карты з “жалудзямі” і “бубенчыкамі” замест масцей. “Рэнесансныя” – таму што каралі і іншыя асобы апрануты ў рэнесансную вопратку.
Пачаткова я думаў, што знойдзенныя карты надрукаваныя на гарадзенскай фабрыцы ў 1926-1939 гг. На адной карце з калоды заўсёды быў штамп дзяржаўнага правяральшчыка, які спраўджваў кожную калоду. Але калi iх убачыў, то зразумеў што гэтыя карты выраблялi пад час нямецкай аккупацыi 1941-1944 гг. Карты – яскравыя сведчанне таго, наколькі высокую якасць мелі вырабы фабрыкі Лапіных, бо друкаваць іх павінны былі проста ідэальна, – кажа гiсторык.
Восенню 1939 года фабрыку братоў Лапіных нацыяналізавалі, а яе гаспадары загінулі ў гарадзенскім гета ўжо ў гады нямецкай акупацыі. Пасля 1944 года фабрыку зарыентавалі на выраб прапагандысцкіх матэрыялаў: партрэтаў савецкіх кіраўнікоў і плакатаў, якія праслаўлялі шчаслівае жыццё працоўных у СССР.
З соцен тысяч карт выпушчаных у свой час у Гродне, на дадзены момант знойдзена толькі 15 штук. Усе карты ў хуткім часе будуць перададзеныя ў гарадзенскi музей, дзе зоймуць сваё доўгачаканае месца.