Перасохлы Нёман адкрыў пад Каложскай гарой крыніцы, старую набярэжную і таямнічыя знакі
Лічыцца, што назва Каложа ўзялася або ад гэтых крыніц, або ад прыгарада Пскова Каложэ, які ў свой час захапіў Вітаўт, перасяліўшы сюды ягоных жыхароў. Мы паспрабавалі прайсці ўздоўж Нёмана пад гарой і паглядзець, ці паказазліся тыя самыя крыніцы, раней схаваныя пад вадой.
Спускаемся да Нёмана па лесвіцы з міжваенных гадоў і пачынаем шлях уніз па рацэ.
Вось і першая крыніца. Выразна металічныя адкладанні іржавага колеру наводзяць на думку, што гэта нейкі адвод з калектара. Але ў ваколіцах Гродна ўся вада ўтрымлівае шмат жалеза.
Другая крыніца пад самым храмам. Вада бруіць проста з-пад зямлі, раскідаючы пясок і струменьчыкам бяжыць да ракі.
Вось такі від на Каложу ад крыніцы.
Крыху ніжэй ад крыніцы зямля мокрая на некалькі метраў. Паколькі навокал глеба сухая нават каля самай вады (дажджу небыло вельмі даўно), то можна ўпэўнена сцвярджаць, што гэта суцэльны ваданосны слой. Вада выступае з самой зямлі. Тое самае мабыць ужо і ў вадзе.
Яшчэ ніжэй адтуліна калектара мабыць даваеннага часу. Ён забіты і не функцыянуе.
Зроблены падчас апошняй рэканструкцыі калектар. Цяпер цалкам сухі.
Добра бачныя драўляныя апоры бетонных блокаў на наберажнай. Добра папрацавалі будаўнікі бульвара восемдзесят гадоў таму.
Зусім нечаканая знаходка. Адбіткі рук у даваенным яшчэ бетоне бульвара. Такія трывалыя, што нават вада Нёмана іх не змыла. Ясна, што зрабілі тагачасныя будаўнікі, але звяртае ўвагу таямнічая літара накшталт П на далоні адбітка.
Цалкам верагодна што гэта ХАМСА – сімвалічны знак у іўдаізме ў выглядзе рукі з літарай “ה” (першая літара слова ХАМСА – пяцёрка). Хамсу носяць з сабою як абярэг яўрэі і мусульмане (знак семіцкі, больш старажытны за іўдаізм), яе вывешваюць на будынках, нават татуіруюць. Цалкам магчыма, што будаўнікі-яўрэі зрабілі хамсу, каб вышэйшыя сілы аберагалі іх працу. Вось такі абярэг з міжваеннага часу ў атачэнні старажытных крыніц пад праваслаўным храмам.
Як нейкі сімвалічны знак, выбраўшыся на бульвар сустракаем пад самай Каложай іудзейскую пару.