Гродна ў Першай сусветнай: будаўніцтва крэпасці, візіт кайзера і што пра немцаў кажуць паштоўкі
Штэмпелі раскажуць пра нямецкі гарнізон
Мілітарная складаючая германскай акупацыі Гродна – цікавыя, але малавядомая тэма. Дагэтуль невывучаныя асабовы і колькасны склад нямецкіх акупацыйных сіл на Беларусі ў 1915–1918 гг., іх структура, заняткі, адносіны з мясцовым насельніцтвам і г.д.
Каб даведацца больш можна выкарыстоўваць шматлікія feldposty – штэмпелі на нямецкіх фотаздымках і паштоўках часоў вайны. Інтэрнэт-аўкцыёны (Ebay, Allegro і іншыя) прапаноўваюць дзясяткі і сотні паштовак, якія пісалі нямецкія салдаты з беларускіх гарадоў на радзіму. Вывучэнне штэмпелей вайсковых частак дае цікавы матэрыял, які дае прадстаўленне аб гродзенскім гарнізоне.
Абарону пачалі ўмацоўваць з першых дзён
Пачынаючы з верасня 1915 г. і заканчваючы красавіком 1919 г. у крэпасці Гродна стаялі нямецкія вайсковыя часткі: у асноўным пяхота, але таксама сапёры, артылерысты, лётчыкі і медыкі.
Горад знаходзіўся ў тылу 12-й арміі. Для кіравання ваенным жыццём у горадзе паўстала этапная інспекцыя, якую ўзначаліў генерал ад інфантэрыі Рыхард фон Калеве. Гэты вайсковец кіраваў крэпасцю і часта ўмешваўся ў грамадзянскае кіраванне горадам. Пазней уладу ў Гродне пераняў генерал-лейтэнант барон фон Зекендорф.
Дапускаючы магчымы паварот у вайне не на сваю карысць і падыход да крэпасці расійскіх войскаў, германцы практычна адразу распачалі будаўніцтва вакол Гродна абарончых аб’ектаў. Гэтай справай кіравала Ваенна-будаўнічае ўпраўленне.
Рускія танцавалі і атрымлівалі за гэта цыгарэты
Армейскія працоўныя батальёны пачалі прыбываць у Гродна пачынаючы з верасня 1915 г. Гэта былі батальёны №№ 45, 55, 57, 58. У гэтай Ім дапамагалі дадаткова чатыры сапёрныя роты ландштурма. Акрамя таго ў будаўніцтве ўдзельнічалі і чатыры батальёны расійскіх ваеннапалонных. Па ўспамінах нямецкіх санітарак, адносіны паміж ваеннапалоннымі і нямецкімі салдатамі былі нядрэннымі.
Малюнак салдата армейскага працоўнага батальёна №57. Грандзічы, зіма 1915г .
Пра адзін з лагераў для ваеннапалонных, які знаходзіўся каля вёскі Грандзічы, пісалі так: “Перад баракамі рускія разбілі для сябе маленькія сады. Яны часта пелі свае сумныя песні і танцавалі нацыянальныя танцы, якія паказвалі з вялікай снароўкай. У якасці платы ўсе атрымлівалі цыгарэты. Радасць з нагоды шчаслівых гадзін была такой вялікай, што яны нечакана падкідвалі ў паветра маленькага Вінтэра і крычалі “высока!”
Рускія палонныя ў Гродне. Фота з калекцыі Фелікса Варашыльскага
У выніку на працягу 1915-1916 гг. было пабудавана каля 160 бетонных фартыфікацый, якія склалі паўночны і ўсходні крапасныя абводы. Колькасць зямлянак і драўляных сховішчаў была яшчэ большай. Да снежня 1915 г. рэзервовая чыгуначна-будаўнічая рота №11 пабудавала ў Гродне чыгуначны і шашэйны масты.
Надпіс на аўтамабіле – “крэпасны аўтамабільны парк Гродна”
Паўсталі і адмысловыя крапасныя часткі: крапасное дэпо, крапасны тэлефонны батальён, 4-я крапасная тэлеграфна-будаўнічая рота, крапасны абозны парк, крапасны аўтамабільны парк, крапасны харчовы склад, крапасны вайсковы шпіталь. У крэпасці дзейнічала шырокая тэлефонная сетка, якая звязвала са штабам аб’екты крэпасці, вайсковыя часткі, пасты, батарэі, шпіталі і нават кватэры афіцэраў.
Капітан Хайніке выдаваў Grodnoer Zeitung на трох мовах
Аснову пяхотных частак склалі батальёны ландштурма. У імперскай арміі ландштурмам называліся вайсковыя часткі, якія фарміраваліся пад час вайны з рэзервістаў старэйшага ўзросту (да 45 гадоў). На іх узбраенні былі старыя вінтоўкі Маўзера ці трафейныя расійскія Мосіна. Зразумела, што вялікай баяздольнасцю ландштурмісты не вылучаліся. Ужо восенню 1915 г. у Гродна прыбылі батальёны ландштурма “Ашэрслебен”, “Браўнсберг”, “Дойчэ Эйлаў”, “Дармштадт” (назвы даваліся па месцы іх фарміравання). Галоўнай іх задачай было нясенне каравульнай службы як у горадзе, так і на крапасных аб’ектах.
Батальён Ашэрслебен
Акрамя службы, ландштурмісты займаліся і іншымі справамі. Так з 1916 г. капітан Хайніке з батальёна “Ашерслебен” распачаў выданне мясцовай газеты Grodnoer Zeitung. Газета выходзіла на трох мовах: нямецкай, польскай і ідыш. А ноч на 1 мая 1916 г. у Гродна праводзілася свята пераходу на летні час. Гэта мерапрыемства было разыграна ў гарадскім парку ў выглядзе спектаклю пад адкрытым небам. Свята падрыхтавалі салдаты і афіцэры таго ж батальёна.
Свята Божага Цела ў Гродне
Кайзер пракаціўся на аўто, герцаг Макленбургскі схадзіў на экскурсію
Важнай падзеяй у жыцці акупаванага горада стаў візіт імператара Вільгельма II 1 чэрвеня 1916 г. У Гродна кайзер прыехаў разам з начальнікам палявога Генштаба генералам Эрыхам фон Фалькенгаймам і статс-сакратаром Марскога ведамства адміралам фон Капеле. З чыгуначнага вакзала імператар на адкрытым аўтамабілі праехаў па гораду. Кайзер зрабіў агляд войск гарнізона крэпасці, які адбыўся ў парку. Затым адбыўся палявы малебен. Вільгельм наведаў шпіталь для лёгкапараненых у Новым Замку і ў той жа дзень пакінуў горад.
Акрамя кайзера Гродна ў 1916 г. наведалі і іншыя каранаваня асобы Германскай імперыі: кароль Саксоніі Фрыдрых Аўгуст III, вялікі герцаг Адольф Фрыдрых VI Макленбургскі, а таксама вялікі герцаг Саксэн-Веймар-Эйзенахскі Вільгельм Эрнст. Для вялікага герцага Адольфа Фрыдрыха VI і яго 15 афіцэраў была праведзена экскурсія па фартах крэпасці.
У Караліно – паветраны парк, у Гродне – шпіталь для коней
Артылерыйскае ўзбраенне крэпасці склалі чатыры дывізіёны пешай артылерыі. На іх узбраенні знаходзіліся 10 і 15 см цяжкія гаўбіцы. За разведку і сувязь адказваў кавалерыйскі ландверны эскадрон. На былым царскім аэрадроме каля вёскі Караліно базіраваўся 12-ы армейскі паветраны парк.
Медыцынскую дапамогу аказвалі тры вайсковых шпіталя (126-ы, 130-ы і шпіталь 9-га армейскага корпуса). Акрамя таго былі ў Гродна і шпіталь для лёгкапараненых, шпіталь для коней, бактэрыялагічная станцыя.
130 вайсковы шпіталь, сучасная вул.Горкага
126 вайсковы шпіталь, фота з калекцыі Фелікса Варашыльскага
У Гродне існавала і грамадзянская ўлада. Праўда ўсе нямецкія чыноўнікі з’яўляліся афіцэрамі кайзераўскай арміі. Пра грамадзянскую ўладу Гродна і жыццё простых гараджан мы яшчэ раскажам.
Чытайце таксама:
“Последние дни Гродны”. Што пісаў расійскі карэспандэнт пра захоп горада немцамі ў 1915 годзе
“Немцы ў горадзе!” Як 100 гадоў таму кайзераўскія войскі захапілі Гродна
Гродна ў верасні 1915: горад на фотаздымах нямецкіх салдат (24 фота)