Будзь у тэме: прыйдзі на 700 матч “Нёмана” у касцюме
Актыўныя заўзятары гарадзенскага клуба заклікаюць усіх неабыякавых гараджан прыйсці ў гэты дзень на футбол, а таксама заклікаюць падтрымаць дрэс-код, каб паўтарыць перфоманс, які рабілі ў 2009 годзе. Фанаты прапаноўваюць усім прыйсці ў строгіх касцюмах, кашулях і гальштуках.
align=”” width=”725″ height=”532″ >
Павел Кулік, актыўны заўзятар “Нёмана”, які вядзе пастаянную статыстыку, распавядае, што дзякуючы ўдзелу ў “Залатым матчы” 2002 года, гарадзенскi клуб ужо 13 гадоў ўтрымлівае лідарства па колькасці праведзеных матчаў у элітным дывізіёне.
– Мы першымі ў 2009 годзе сыгралі свой 500-ы матч, першымі зараз правядзем і 700-ы паядынак. Гарадзенскі “Нёман” – гэта адзін з чатырох беларускіх клубаў, які ўсё чэмпіянаты краіны з 1992 года праводзіць у Вышэйшай лізе. Такім жа вынікам могуць пахваліцца мінскае і брэсцкае “Дынама” ды салігорскі “Шахцёр”. А таксама адзін з шасці клубаў (чатыры названых + БАТЭ і “Слуцк”), якія ніколі не выляталі з Вышэйшай лігі. Безумоўна, у гістарычным кантэксце гэта вялікае дасягненне.
Уся гісторыя Нёмана ў чэмпіянаце Беларусі – гэта чаргаванне паспяховых сезонаў з сезонамі, калі над клубам навісае пагроза вылету. У пачатку кожнага дзесяцігоддзя “Нёман” выстрэльвае (перамога ў Кубку 1993 года, срэбра 2002, чацвёртае месца і фінал Кубка 2013-2014), потым адкатваецца ў сярэдзіну табліцы, а часам і ўніз (1996, 2005, 2015). Але вопыт паказвае, што аўтсайдарам наш клюб лічыцца нядоўга, і неўзабаве пачынаецца рух уверх. Так, веру, адбудзецца і ў наступных сезонах. Таму трэба падтрымліваць свой клуб і ў горы і ў радасці, бо горад у нас адзін, і каманда ў нас таксама адна.
Акрамя рэкорду ў краіне, можа спраўдзіцца і рэкорд унутры клуба. Калі ў матчы з “Віцебскам” Кавалёнак выйдзе на поле, то ён стане рэкардсменам гарадзенскага клуба па ліку згуляных матчаў. Дарэчы, Дзмітрый Кавалёнак у матчы з “Гранітам” правёў свой 272 матч за гарадзенскую каманду, што з’яўляецца таксама рэкордам клуба. Такую ж колькасць матчаў у сваім актыве мае i Дзмітрый Раўнейка.
Юбiлейны матч жоўта-зялёныя правядуць 3 кастрычніка ў Гродне, дзе будуць сустракацца з ФК “Віцебск”, які на дадзены момант з’яўляецца аўтсайдарам чэмпіянату.