“Як прайсці ў бібліятэку?” Ненавуковы эксперымент прысвечаны юбілею

|

 

 

 

Куды мяне пашлюць?

 

Не маючы жадання занадта ўскладняць задачу і прымаючы пад увагу цяжкасці захавання покер-фэйсу, пытанне задавалася ў самым цэнтры горада.

 

“А якую бібліятэку вы шукаеце?”, – удакладнялі гарадзенцы. “Найбліжэйшую”, – чулі ў адказ. “Тады вам трэба ісці проста, потым направа, там такія замкі будуць, там і бібліятэка”.

 

 

“Тут каля ўнівермага бібліятэка ёсць, дзіцячая…”

 

 

“У домік Ажэшкі вам трэба, там бібліятэка…”

 

 

“Ёсць чытальная зала тут побач. Збочыць направа трэба, а да бібліятэкі далей, па гэтай вуліцы прайдзіце…”

 

 

“Я разумею, што вы шукаеце. Вам вось туды. Там ёсць бібліятэка імя… імя кагосці там…”

 

Пытанне, хоць і дзівіла мінакоў, у асноўным знаходзіла адказ і з дапамогаю гарадзенцаў бібліятэку адшукаць удалося.

 

 

Хто наведвае бібліятэку?

 

Гістарычныя крыніцы сведчаць, што сённяшняя абласная бібліятэка ў Гродне была заснавана на дабравольныя ахвяраванні дваран горада, абслугоўванне першапачаткова было платным, колькасць наведвальнікаў складала толькі 40 асобаў. Затое – якіх! Сярод чытачоў былі двое “правасхадзіцельстваў”, 17 “высокаблагародзіяў” і 21 “благародных”.

 

Паводле сучаснай статыстыкі бібліятэка мае 44 тысячы чытачоў, а “благародзія” значна разбаўлены студэнцкай моладдзю.

 

 

З улікам факту, што на пачатак года насельніцтва горада складала 361 000, атрымліваецца што 12% гарадзенцаў гэта кліенты абласной бібліятэкі.

 

Апытанне на вуліцы склала ўражанне, што зараз наведваюцца ў скарбонку ведаў у асноўным мужчыны бліжэйшыя да пенсійнага ўзросту – каб пачытаць перыёдыку, жанчыны сталага веку – узяць новую мастацкую літаратуру і маладзенькія дзяўчаткі-студэнткі – падрыхтавацца да заняткаў. Большасць з апытаных адказвалі, што хадзілі ў бібліятэку калісці раней, а зараз маюць уласны збор любімых кніг дома ці чытаюць літаратуру і навіны ў інтэрнэце.

 

Выглядае, што чытацкая публіка незваротна сыходзіць з (памяшкання) бібліятэкі – хто ў нябыт, хто ў сеціва. Таму і ў яе самой не застаецца шанцаў застацца толькі месцам – будынкам, сховішчам кніг, чытальнаю залаю.

 

Інтэрнэт імкліва змяняе жыццё, уцягвае ўсё большую колькасць людзей у сваё павуцінне. Часам ствараецца ўражанне, што хутка нічога не застанецца – ні тэатра, ні кіно, ні бібліятэкі – адзін паўсюдны інтэрнэт… Здаецца, нешта падобнае мы ўжо чулі?

 

 

 

“Што было, што будзе, чым сэрца заспакоіцца…”

 

Тэатр і кіно, як бачым, канкурэнцыю з тэлебачаннем вытрымалі, а вось як здолее выйсці са складанага становішча бібліятэка? Удзельнікі канферэнцыі бачаць яе будучыню неаддзельнаю ад лічбавай прасторы.

 

Сучаснымі рэаліямі сталі электронныя каталогі, сувязь з нацыянальнымі і замежнымі базамі аўтарытэтных дадзеных, віртуальныя чытальныя залы.

У сучасным грамадстве роля бібліятэкі бачыцца значна больш важкаю, чым проста ўтульнага месца, дзе можна на канапе пагартаць газету. На яе зараз ускладаецца роля захавання інтэлектуальнай памяці нацыі, стварэння базы для навуковых даследванняў і, такім чынам, падтрымкі эканамічнага развіцця дзяржавы.

 

Ці здужае бібліятэка ва ўмовах жорсткага недахопу рэсурсаў і абмежаванай дзяржаўнай падтрымкі годна выканаць пастаўленыя задачы? Мо прыйдзецца ізноў пераходзіць на платнае абслугоўванне выключна для забяспечаных ці адмаўляцца ад звыклых памяшканняў, каб зніціць выдаткі?

 

Час пакажа. Магчыма наступным разам у адказ на пытанне “Як патрапіць ў бібліятэку?” мне прапануюць прайсці па гэтай спасылцы.

 

Здымкі аўтаркі




Чытай таксама:


Напярэдадні Дня бібліятэк гарадзенцы абмяняюцца кнігамі і дыскамі


Першая “Жывая бібліятэка” прайшла ў Гродне


Мяцежная душа Элізы Ажэшкі


Гарадзенскія танцы з пахам яблыкаў: вечарыны ў замкавым садзе набываюць папулярнасць