Стылёвы ТОП-5 птушак з гарадзенскіх назіранняў у парку Жылібера

|

Апоўдзень у парку каля бронзавай дзяўчыны ўсталявалі падзорныя трубы і пачалі запрашаць мінакоў скарыстаць оптыку для назірання. У асноўным гэтай парой на шпацыр па парку выбіраліся сем’і з дзецьмі.

Менавіта яны і сталі асноўнымі назіральнікамі за птушкамі. Кожны, хто далучаўся, атрымліваў у падарунак улётку-вызначальнік з выявамі птушак, каторых можна сустрэць у нашай мясцовасці пад час восеньскіх назіранняў і налепку з птушкай года – вушастаю савой.

Найпрасцей было пабачыць у біноклі і трубы паўсюльісных галубоў, што ахвотна зляталіся на пачастунак, купаліся ў вадзе ці сядзелі ў траве, грэючыся пад промнямі сонца.

У “Стылёвым” ТОП-5 галубы занялі 1 месца.

Таксама не цяжка было назіраць за качкамі, што плавалі па Гараднічанцы. Яны перамяшчаліся па вадзе павольна і нават меншым дзецям было не складана сачыць за імі.

 

У нашым ТОП-5 яны месцяцца на 2 пазіцыі.

Трэцяе месца ў ТОП-5 дасталося вераб’ям. Спачатку іх нават цяжка было заўважыць у пажухлай траве ці на камлях дрэў, аднак прыгледзеўшыся, аказалася, што іх вакол вялікае мноства.

Чацвёртай па распаўсюджанасці птушкай па версіі “Твайго стылю” стала шэрая варона.


 

Цяжэй за ўсіх было сфатаграфаваць сінічку, што скакала па галінках блакітнай елкі. Ёй дасталося пятае месца ў “стылёвым” топе.

Афіцыйныя вынікі назіранняў паводле сябраў АПБ і студэнтаў-заолагаў, што ім дапамагалі, выглядаюць трохі інакш, але ж мы і не прэтэндавалі на вычарпальнасць і навуковасць.

 

Тым больш, адмыслоўцы пазнаюць птушак не толькі па выглядзе, але і па голасе. Паводле іх версіі пералік відаў, вызначаных пад час назіранняў, наступны: шызы голуб – 101, палявы верабей – 89, шпак – 45, качка-крыжанка – 36, сініца вялікая – 9, варона шэрая – 6, грак – 2, канюх-мышалоў, вялікі дзяцел і звычайны паўзунок – па адной птушцы.

 

Як распавёў Дзмітрый Вінчэўскі, агульны ў Еўропе дзень назіранняў за птушкамі ў восеньскі перыяд дазваляе сабраць і сістэматызаваць дадзеныя пра іх колькасць і шляхі міграцыі.

 

Таму назіранні праводзяцца не толькі ў горадзе. У нядзелю, 4 кастрычніка, сябры “Аховы птушак Бацькаўшчыны” выехалі на палявую экскурсію на рэкі Свіслач і Нёман, а таксама вадасховішчы каля вёсак Свіслач, Дзекалавічы і Карозічы Гродзенскага раёну, дзе цяпер канцэнтруюцца тысячы розных качак (свіцваў, крыжанак, чубатых ныркоў і ныркоў-сівакоў, лапаносак, чырак), вялікіх і малых коўраў, шэрых і вялікіх белых чапляў, кнігавак – усяго каля 50 відаў птушак.

 

Што тычыцца назіранняў у гарадскіх парках, то іх мэта – паказаць людзям усіх узростаў прыгажосць птушак навокал нас і неабходнасць захаваць іх. А таксама прыцягнуць увагу грамадcкасці да неабходнасці захавання паркаў, лясоў і рэк, дзе гняздзяцца, адпачываюць пад час міграцыі ці зімуюць птушкі. 

 

Здымкі аўтаркі


 

Чытай таксама:


Гарадзенскія арнітолагі падлічылі і акальцавалі рэдкіх сокалаў-пустальгоў


“Ахова птушак Бацькаўшчыны” запрашае на зімовыя назіранні за птушкамі

У першы дзень вясны гарадзенцы назіралі за птушкамі

Самы сумленны спорт: восем кароткіх правіл “гонкі за птушкамі”