Адведай 85 “разынак” Гарадзеншчыны: Бераставіцкі раён

|

Сяргей з’яўляецца аўтарам вялікай колькасці матэрыялаў, прысвечаных гісторыі Бераставіцкага раёну.

align=”” alt=”Сяргей Лушчык” width=”726″ height=”533″ >

 

1. Касцёл Наведзінаў Панны Марыі ў Вялікай Бераставіцы, у падвалах якога маглі друкаваць “Мужыцкую праўду”

 

Руіны гэтага касцёла з’яўляюцца візітоўкай мястэчка. Іх відаць з усіх бакоў – адкуль бы не пад’язджаў да населенага пункту.

Фота: Алег Грыцавец

 

 

Касцёл быў пабудаваны ў першай палове XVIII ст. з цэглы сродкамі кракаўскага кашталяна Юзэфа Вандаліна Мнішка на месцы былога драўлянага. У 1865-67 гг. перабудаваны ў праваслаўную царкву, а ў 1918 г. ізноў вернуты каталікам.

 

Некалі гэта быў адзін з самых вялікіх некропаляў Рэчы Паспалітай. Пры даследванні яго падземных крыптаў у сярэдзіне ХІХ ст. было выяўлена каля 200 трунаў. Тут хавалі ўладальнікаў мястэчка, іх сваякоў і блізкіх, а таксама духоўных асобаў (ксяндзоў і манахаў).

 

Тут знаходзіўся саркафаг (урна) з сэрцам вялікага гетмана літоўскага Яна Караля Хадкевіча (1560-1621), а бліжэйшая да касцёла вуліца насіла імя палкаводца.

 

У адным з бакавых алтароў касцёла быў змешчаны абраз вядомага беларуска-польскага мастака Францішка Смуглевіча, прысвечаны анёлам-ахоўнікам.

 

Пры касцёле доўгі час дзейнічалі духоўнае манаскае брацтва Святых Анёлаў-Ахоўнікаў, школа для дзяцей і прытулак-шпіталь для бяздомных.

 

Напярэдадні студзеньскага паўстання 1863-64 гг. сюды неаднаразова прыязджаў Кастусь Каліноўскі на сустрэчу з сябрамі-паплечнікамі: мясцовым каморнікам Феліксам Ражанскім і настаяцелем касцёла ксяндзом Ігнатам Казлоўскім. Ёсць меркаванне, што ў сутарэннях менавіта гэтага касцёла выйшлі першыя нумары “Мужыцкай праўды”.

 

У свой час будынак меў дзве барокавыя вежы, якія разабралі падчас перабудовы ў царкву.

 

2. Касцёл Перамянення Пана і гісторыя пра адрэзаныя ногі Хрыста

 

Пабудаваны ў 1912 г. коштам уладальнікаў мястэчка графаў Юзэфа і Марыі (з Хадкевічаў) Касакоўскіх ў стылі неаготыкі. Матэрыял пабудовы – цэгла і цёсаны камень.

 

У касцёле да сённяшняга дня захоўваецца стары абраз “Святая Ганна вучыць Святую Марыю чытаць”, намаляваны ў сярэдзіне ХІХ ст. тагачасным уладальнікам мястэчка графам Станіславам Шчэнсным Касакоўскім.

 

У гэтым каталіцкім храме ёсць таксама вялікі драўляны крыж з фігурай распятага Ісуса Хрыста, зроблены на праваслаўны манер – ногі Збавіцеля знаходзяцца адна пры адной і прыбітыя да крыжа кожная асобным цвіком.

 

Некалі гэта было традыцыйнае каталіцкае ўкрыжаванне, калі ногі Хрыста складзеныя адна на другую і прыбітыя адным цвіком. Знаходзілась яно ў старым касцёле Наведзінаў Панны Марыі.

 

Падчас перабудовы касцёла ў царкву ў 1865-67 гг. фігуру вырашылі перарабіць на праваслаўны манер. Знайшоўся майстар, які папросту ўзяў і адрэзаў ногі Збавіцеля і ў такім выглядзе пакінуў фігуру ў храме.

 

У час дэмантажу касцёльных вежаў гэтаму майстру на ногі звалілася вялікая цагліна, ды так пакалечыла, што іх хутка прыйшлося ампутаваць у тых самых месцах, дзе ён адрэзаў іх Хрысту.

 

Справу ўсё ж давалі да лагічнага завяршэння і фігура, зробленая па праваслаўнай традыцыі, размяшчалася нейкі час ў царкве (былым касцёле), а потым у такім выглядзе апынулася ў новым бераставіцкім касцёле Перамянення Пана, дзе захоўваецца да сённяшняга дня.

 

3. Палацава-паркавы комплекс у Бераставіцы Мураванай, надта падобны да аднаго гарадзенскага будынка

 

Фота: racyja.com

 

Ад сярэдзіны XVIII ст. да 1858 г. комплекс знаходзіўся ва ўладанні Юндзілаў, потым да 1939 г. – Солтанаў. Палац, узведзены некалі Юндзіламі, перабудаваны ў першай палове ХІХ ст. у стылі класіцызму.

 

Захавалася ўяздная дубовая алея, што вядзе з дарогі да палацу.

 

За будынкам цягнецца здзічэлы парк са ставамі, злучанымі паміж сабой каналамі.

А вось так выглядаў палац Солтанаў да 1939 г. Фота: Wojciech Sołtan, radzima.org

 

Сёння палац у стане руіны, а яго ўладальнік – мясцовы прафесійны ліцэй, былое вучылішча, не ў стане аднавіць будынак. Дарэчы, палац шмат у чым, асабліва ў дэкоры фасаду, паўтарае знакаміты гарадзенскі палац Храптовічаў, дзе сёння знаходзіцца Музей гісторыі рэлігіі.

Фота: Віктар Валынец, radzima.org

 

4. Вёска Макараўцы (некалі Уснар) з цікавым касцёлам

 

Фота: Віктар Валынец, radzima.org

 

Тут знаходзіцца драўляны касцёл Падвышэння Святога Крыжа, пабудаваны яшчэ ў 1795 г. Яго фундатарамі былі гарадзенскі маршалак Людвік Панцэжыньскі і яго жонка Канстанцыя са Скірмунтаў.

 

Унутры будынка тры даволі цікавыя алтары, якія паходзяць яшчэ з часоў пабудовы касцёла. Пад касцёлам крыпта, дзе пахаваныя яго фундатары.

Фота: Віктар Валынец, radzima.org


Побач з храмам мураваная званіца з 1841 г.

 

5. Вёска Верхаўляны з гарадзішчам і легендамі

 

На паўднёвым ускрайку гэтай вёскі ў Алекшыцкім сельсавеце знаходзіцца старажытнае гарадзішча ў форме авала.

Фота: prastakvasha.livejournal.com

 

Гарадзішча мае каля 30 метраў даўжыні і 28 шырыні, акружана валам і ровам.

 

Як пішуць даследчыкі, яшчэ да нядаўняга часу там ляжаў вялізны камень. Існавала павер’е, што калі прыбраць гэты камень, то крыніца разальецца і затопіць вёску.

 

Згодна легенды, у крыніцы аднойчы ўтапіўся сын ведзьмы. За гэта ведзьма заткнула крыніцу мяшком з воўнай.

 

Паводле яшчэ аднаго мясцовага падання, раней на месцы гарадзішча стаяла царква, якая потым правалілася пад зямлю.

 


Чытай таксама:


Адведай 85 “разынак” Гарадзеншчыны: Астравецкі раён


Адведай 85 “разынак” Гарадзеншчыны: Ваўкавыскі раён


Адведай 85 “разынак” Гарадзеншчыны: Шчучынскі раён


Адведай 85 “разынак” Гарадзеншчыны: Мастоўскі раён


Адведай 85 “разынак” Гарадзеншчыны: Карэліцкі раён


Адведай 85 “разынак” Гарадзеншчыны: Слонімскі раён