“Где счастливым можно быть? Только в Гродно!” У Гродне знайшлі аўтараў старога хіта
13-хвілінны ролік расказвае пра пошук аўтараў знакамітай песні. Іх знайшлі дзякуючы сяброўскім сувязям і аматарам, якія захоўваюць рэчы з мінулага. Відэа ператварылася ў сапраўдны музычны дэтэктыў: спачатку гледачоў пускаюць па няправільным шляху, і толькі ў канцы мы даведваемся праўду.
Як аказалася, многія памятаюць песню, але аўтараў не ведае ніхто. “Музыка народная, словы народныя”, – заяўляе адзін з герояў відэа. Моладзь ведае песню па рэміксу, які зрабілі DJ Botanik & DJ Vova. Акрамя клубнай апрацоўкі, яны змянілі адзін радок і адно слова. “Водку до упаду пить” пераўтварыўся ў “по реке любимой плыть”, а “народ блатной” – у “народ честной”. З песні прыбралі своеасаблівы каларыт, затое яна пачала гучаць на святах горада.
– Мы нават ганарыліся, што ў нашага горада ёсць такая песня, а ў іншых – няма, – кажа Сяргей Фінскі.
Выканаўца песні – Фархад Бакінскі. Нельга не заўважыць, што чалавек, які спявае пра шчаслівы Гродна, мае зусім не гарадзенскае імя.
– Думаю, ён тады быў проста поп-музыкантам, які зразумеў, што гэта добрая застольная песня, – кажа Максім.
Цяпер музыка жыве ў Баку, мае свой рэстаран і карыстаецца папулярнасцю на вяселлях, як чалавек, які ведае рускую мову.
Пошукі аўтара тэксту прывялі аператараў спачатку да Рэнальда Кныша – вядомага трэнера, які трэніраваў Вольгу Корбут. Цяпер Кныш лічыць сябе паэтам і, пасля пытанняў пра аўтарства, прыпісаў верш сабе. Праўда, ужо праз некалькі хвілін прызнаўся: не, ён ведае верш, але не ён яго напісаў. Максім убачыў у гэтым пэўную жыццёвую драму:
– Слава, залатыя медалі – а чалавек кажа, што гэта ўсё не мае значэння, і яго сапраўднае прызначэнне не спорт, а паэзія.
Сапраўднага аўтара дапамог знайсці уладальнік крамы “Шоу-тайм” Юры Грыгер. Ім выявіўся цёзка Рэнальда Аляксандр Кныш. Ён неахвотна расказаў пра сваё аўтарства і нават не згадзіўся здымацца. Яго голас можна пачуць за кадрам.
Калісьці ён напісаў гэты верш, каб спяваць з сябрамі пад гітару. І, нягледзячы на папулярнасць, ставіцца да яго несур’ёзна. Аляксандр расказаў, што калісьці ён запісаў і прадаў у кіёскі пяць касет з шасцю песнямі, адна з якіх стала такой вядомай. Аўтар сцвярджае, што там былі творы, нашмат лепшыя за “Только в Гродно”. Але цяпер іх цяжка знайсці.
Касету з песняй “Только в Гродно” прынёс Зміцер Бандарчук. Там нават стаіць дата – 1997-ы год. Але гэта запіс пазнейшы. Фархат Бакінскі запісаў яе з іншымі музыкамі, а шлягер уставіў, бо выконваў яго. Аўтары фільма кажуць, што калі знойдзецца арыгінальная касета з астатнімі пяццю песнямі, яны абавязкова здымуць працяг фільма.
Фільм скончыўся не надта аптымістычна. Аляксандр Кныш адзначае, што горад змяніўся, стаў “расійска-саўковым і правінцыйным”. У чымсьці Максім з ім згаджаецца:
– Я яшчэ бачыў, калі горад быў з дрэвамі, з будынкамі, якіх ужо няма. Раней можна было хадзіць па горадзе – і з’яўляліся розныя асацыяцыі і ўспаміны пра тое, што тут з табой адбывалася. А зараз ходзіш – і узгадваеш: тут нешта знеслі, тут вырубілі…
Ідэя фільма належала Максіму Шведу. Галоўную ролю тут сыгралі асабістая цікавасць і жаданне “стварыць нешта для свайго горада”.
– Мяне цікавіла пытанне, хто ж аўтар гэтай песні. Яна ўжо ператварылася ў мем, яе ўсе ведаюць, а адкуль яна з’явілася – незразумела, – кажа Максім. – Да таго ж, я зараз жыву ў Мінску, і калі прыязджаю, у мяне з’яўляюцца свежыя, магчыма, настальгічныя пачуцці.
Натхняліся Ломаў і Швед іншым дакументальным фільмам – “У пошуках цукровага чалавека”. Яго рэжысёр Малік Бэнджэлуль атрымаў за яго “Оскар” у 2012 годзе і… скончыў жыццё самагубствам.
Як кажа Максім, фільм атрымаўся не толькі пра чалавека, але і пра горад. Нават за час працы – з лютага па кастрычнік – горад змяніўся. На кірсе ўсталявалі новы шпіль, замалявалі частку графіці, якое стварылі падчас праекту Must act Must Art.
– З часам нават звычайная хроніка – вуліцы, людзі, – будзе цікавым падарожжам у мінулае.
Гэтае відэадаследаванне не першая спроба Максіма зняць дакументальны фільм пра Гродна. Ён яшчэ не скончыў фільм пра гарадзенскі андэграўнд 90-х, да якога апошнім часам павысілася цікавасць. Максім кажа, што дакументальныя фільмы здымаць варта нават аматарам – ёсць безліч тэмаў.
– Гарадскія вар’яты, гарадскі фальклор – пра кожнага чалавека ў Гродне можна зняць фільм. Ёсць людзі, якія ведаюць безліч цікавостак – напрыклад, браты Халодныя, якія ў свой час былі гаспадарамі легендарнай “Клетки”.
Максім не называе гэта ролік дакументальным фільмам, адзначае недасканалую якасць. Але кажа, што плануе прапанаваць яго на польска-беларускі фэст Bulbamovie.
Фота Вольгі Мілавай