Гарадзенскія “Варвары” прымуць удзел у Кубку Вітаўта Вялікага

|

Турнір прысвечаны памяці Ігара Жукоўскага — былога старшыні Беларускай федэрацыі амерыканскага футбола, які трагічна загінуў у аўтакатастрофе 10 кастрычніка 2011 года. Гэта з яго ініцыятывы клуб назвалі “Ліцвінамі”, а Кубку далі імя Вітаўта Вялікага.

 

Арганізатары Кубка распавядаюць, што некалькі гадоў спрабавалі аднавіць яго. І кожны год знаходзіліся праблемы, як правіла з фінансаваннем. У гэтым годзе атрымалася так, што беларускія каманды гатовыя гуляць адзін з адным і браць на сябе частку выдаткаў.

 

Галоўны трэнер “Варвараў” Аляксей Сэрабракоў распавёў, што турнір дапаможа гарадзенцам абкатаць сваiх пачаткоўцаў, а таксама захаваць іх цікавасць да гульні на час міжсезоння.


– Асабіста для мяне гэта ў першую чаргу даніна памяці заснавальніку БФАФ Ігару Жукоўскаму, які ў самым пачатку шляху дапамог удыхнуць жыццё ў нашу каманду і паказаў, што гэты спорт будзе развівацца ў нашай краіне. Для каманды гэта ў першую чаргу выдатная магчымасць абкатаць пачаткоўцаў, якія не мелі магчымасці гуляць па ходзе рэгулярнага сезону Усходняй Лігі Амерыканскага Футбола. Хочацца паказаць ім, што такое гульня, як гэта – выходзіць на поле і біцца адзін за аднаго.

 

У гэтым годзе за прызы будуць змагацца чатыры беларускія каманды:

• “Варвары” (Гродна)
• “Ліцвіны” (Мінск)
• “Рысі” (Віцебск)
• “Паганцы” (Мінск)

 

17 кастрычніка (субота) грае першая паўфінальная пара: “Ліцвіны” супраць “Рысяў”. Месца правядзення: Мiнск, стадыён САК “Алімпійскі”, вул. Сурганава, 2а. Пачатак гульні ў 12.30.

 

18 кастрычніка (нядзеля) – другі паўфінал: “Паганцы” супраць “Варвараў”. Месца правядзення: Мiнск, стадыён школы № 17, вул. Ракасоўскага, 41а. Пачатак гульні ў 14.00.

 

Дата і месца фіналу Кубка Вітаўта Вялікага будуць вызначаны пасля правядзення паўфінальных гульняў.

 

Чытайце таксама:

 

З-за праблем з візамі гарадзенскія “Варвары” скончылі сезон тэхнічным паражэннем

 

Гарадзенскія прыгажуні папулярызуюць амерыканскі футбол

 

Фота nn.by з Кубка 2011