Адкуль пайшоў выраз “першы блін комам” або Як даўней адзначалі Дзяды?
Каб стаць “дзедам” трэба памерці
Слова “продак” гучыць у славянскіх мовах амаль аднолькава: у польскай – “пшодэк”, а ў рускай “предок”, гэта азначае – папярэднік. На беларускіх землях такіх людзей называлі дзядамі. Каб стаць продкам ці “дзедам” – чалавеку трэба было памерці.
Добрыя і злыя “дзяды”
У беларускай традыцыі былі дзве катэгорыі дзядоў: “добрыя дзяды” і “злыя продкі”. “Добрымі дзядамі” лічыліся працавітыя і набожныя людзі, якія дапамагалі сваім жывым нашчадкам, былі прыкладам для жывых. “Злымі дзядамі” лічыліся самагубцы, няхрычшаныя, дзеўкі-утопленіцы, якія потым станавіліся, згодна павер’ям, русалкамі, і чаклуны. Лічылася, што доля адведзена кожнаму чалавеку Богам, а калі ён перарываў сваю долю, напрыклад, самагубствам, дык Бог ад яго адварочваўся і душа таго трапляла ў пекла.
“Дзяды” пачуюць хутчэй, чым Бог
Па павер’ям, чалавек быў акружаны продкамі. Той жа земляроб звятаўся па дапамогу да продкаў і прасіў каб продкі дапамаглі ў цяжкай справе. Канешне, нашыя продкі звярталіся і да Бога, але лічылася, што душы продкаў куды бліжэй да гэтага чалавека, чым сам Бог. Ды і пачуюць продкі свайго кроўнага родзіча хутчэй, чым Усявышні. Звязана гэта з язычніцкімі каранямі дадзенага свята.
Дзяды і аграрны каляндар
Напрацягу году нашыя продкі некалькі разоў сустракаліся з “дзядамі”. Амаль кожная сустрэча супадала з падзеямі аграрнага календара. Звярталіся ж да продкаў за спрыяннем у розных пачынаннях, асабліва, з просьбамі аб добрым ураджаі. На тыя ж “Траецкія дзяды”, або на дзень Святой Троіцы, прасілі дажджу, звярталіся і на Радаўніцу, і на Зажынкі і Дажынкі. Пасля сканчэння збору збожжа людзі прыносілі ахвяру продкам – збіралі апошні сноп і ставілі яго пад абразамі ў хаце. Такі сноп адмыслова называўся “дзедам”.
Пасля сканчэння палявых прац былі восеньскія Дзяды, а за імі – Каляды, лічылася, што менавіта тады была апошняя сустрэча з “дзядамі” у цякучым годзе. Па павер’ю “дзяды” з’яўляліся ў вобразе “ражаных”.
Першыя згадкі пра Дзяды адносяцца да Х стагоддзя, больш пашыраным свята становіцца ў ХІІІ стагоддзі. Нават касцёл быў вымушаны прыстасавацца да народнага свята. Не дарэмна ж у каталіцкай традыцыі святкуюць Дзень усіх святых акурат 1 лістапада.
Лічылася, што ўвечары на могілках вельмі небяспечна. Людзі верылі, што нябожчыкі пакідалі свае магілы і маглі зацягнуць жывога чалавека, які ім трапіцца, на той свей.
Адкуль пайшоў выраз “першы блін комам”
Стол рыхтавалі як на памінкі. Строгім правілам была прысутнасць няцотнай колькасці страў. Звычайна гаспадыні гатавалі куццю, каб паспрыяць урадлівасці на наступны год, сыта – вада з мёдам, кісель з аўса, што таксама звязана было з аграрнай традыцыяй. Прысутнічаў і алкаголь.
Абавязковай стравай былі бліны. Першы блін, які выпякала гаспадыня, разрывалі на некалькі кавалкаў і клалі каля вокнаў, каб ахвяраваць продкам. Менавіта адсюль і пайшоў выраз “першы блін комам”. Лічылася, што першы блін нельга было есці, бо ён належаў “дзядам”. А таму, хто адважыцца паспрабаваць першы блін, ён можа стаць комам у горле.
Праведны чалавек мог убачыць продкаў
Прысутнічаў абрад заклікання продкаў:
“Святыя Дзяды, клічам Вас,
Святыя Дзяды, ідзіце да нас…”
Пасля закліку продкаў, гаспадары хаты адчынялі дзверы, фіранкі і вокны. Лічылася, што толькі тады “дзяды” заходзілі у хату. Звычайна, па народным павер’ям, прыходзілі тыя “дзяды”, якія жылі і памерлі ў гэтай хаце. Верылі ў тое, што набожны і праведны чалавек мог у гэты вечар убачыць сваіх продкаў. Па павер’ям, у гэты дзень свет жывых і мёртвых аб’ядноўваўся, неба адчынялася і можна было загадваць жаданні.
За сціплы пачастунак “дзед” мог пакрыўдзіцца
Падчас вячэры, зненарок імкнуліся нешта праліць або абраніць нешта на стол – такім чынам “дзед” прыходзіў і частаваўся гэтай ежай, гэта была падзяка продкам, з дапамогай якой людзі задабрывалі “дзядоў” на наступны год. А вось калі пачастунак быў сціплы, то продкі маглі пакрыўдзіцца на сваіх родзічаў.
Ежа са стала набывала магічных якасцей
Працяглы кантакт з замагільным светам лічыўся непажаданым, таму і існаваў абрад выправоджвання “дзядоў”:
“Святыя Дзяды пілі-елі,
Скажыце, што яшчэ трэба
І ляціце-ляціце да неба…”
Пасля гэтых радкоў вокны і дзверы ізноў адчыняліся, каб “дзяды” маглі адляцець ізноў на той свет. Звычайна ежа прыбіралася са стала, потым гэтую ежу маглі аддаць жабракам або падмяшаць у корм хатняй жывёле. Лічылася, што ежа з гэтага свята мела чароўныя ўласцівасці.
Зараз грамадства страціла аграрны характар і таму традыцыя трансфармавалася. Сёння людзі ідуць на могілкі, каб ушанаваць сваіх памерлых продкаў. Менавіта там кожны можа ўзгадаць, што з’яўляецца смяротным.
Пра свята расказваў старшы навуковы супрацоўнік Музею гісторыі рэлігіі Сяргей Казуля. Тэматычная вечарына прайшла ў музеі 29 кастрычніка, праводзіць яе дапамагаў Факультэт гісторыі, камунікацыі і турызму ГрДУ.
Кандыдат гістарычных навук Альбіна Семянчук, арганізатар вечарыны:
“Імпрэзу мы зладзілі ў адказ Хэлоўіну, які апошнім часам стаў папулярнейшы за Дзяды. Хэлоўін – не традыцыйнае свята для беларусаў, таму варта нагадаць маладому пакаленню аб сапраўднай нацыянальнай традыцыі шанавання продкаў. Тым больш назву “Дзяды” свята носіць толькі ў Беларусі. У той жа Польшчы гэтае свята называецца “Задушкамі”.
“Для нашых людзей гэта яшчэ адна нагода напіцца”. Што думаюць гарадзенцы пра святкаванне Хэлоўіна?
Старыя гарадзенскія могілкі. Частка ІІ: Некропаль на Антонава