Дзмітрый Іваноў з “Аддис Абебы” пра ад’езд у В’етнам: “Сям’і я патрэбен больш, чым слухачам”

Дзмітрый Іваноў з “Аддис Абебы” даў у Гродне развітальны канцэрт

 

– Мне цяжка і горка развітвацца з тым, да чаго я ішоў і з чым працаваў палову жыцця, – прызнаецца Дзмітрый. – Але мая сям’я ў В’етнаме. Свайму сыну я патрэбен больш, чым мне патрэбны слухачы ці я патрэбен слухачам. Сумленне не дазваляе мне застацца тут. Мая жонка напалову в’етнамка, таму мы пераехалі менавіта туды. Яна – перакладчык, раней усе замовы ішлі з Расіі, а зараз ніхто з англамоўных бізнесоўцаў не падтрымлівае з Расіяй сувязі. Перакладчыкам цяжка. З-за аднаго чалавека пакутуюць тры дзяржавы.

 

– Чым будзеш займацца ў В’етнаме?

 

– Буду запісваць акустыку, асвайваць музычныя праграмы, каб рабіць музыку. У мяне там ёсць знаёмыя прафесійныя музыканты, але пакуль запісвацца з імі планаў няма. З-за крызісу ў В’етнаме мала рускамоўных турыстаў. Давядзецца перакладаць праграму на англійскую мову, вучыць яе ў дасканаласці, і пісаць ужо англамоўныя песні.

 

– Чым будуць займацца іншыя члены гурта? Ці не з’явіцца ў нас яшчэ адзін Trubetskoy?

 

– Ні я, ні музыканты з “Аддис Абебы” не змогуць жыць без музыкі. Яны час ад часу граюць у гурце Botanic Project, спрабуюць адрадзіць легендарны “Вірус ліха”. Мы вельмі шмат часу і сілаў паклалі ў беларускую рэгі-культуру. Я спадзяюся, іх крыўды на мой пераезд пераможа здаровы глузд. Тое, што я еду да сына, іх не хвалюе. Я буду прыязджаць на Радзіму раз у год на месяц. Магчыма, буду ладзіць тур па вялікіх гарадах – Мінск-Масква-Піцер-Кіеў-Львоў. За гэты прамежак можна нават запісваць новыя альбомы. А калі б яны падрыхтаваліся – нават канцэрты разам даваць.

 

– Ад музыкі адыходзіць не збіраешся?

 

– Як ад яе можна адыйсці? Я ўклаў у гэта 15 гадоў. Да “Аддис Абебы” была аўтарская песня. Я займаюся музыкай усё жыцце, я проста не змагу не пісаць. Нават калі я не буду спяваць, буду пісаць вершы і песні. А затым – перадаваць іх іншым выканаўцам. Напрыклад, Герберту Маралесу з Jah Division.  

 

– Чаму ты сёння выступаеш адзін?

 

– Мне не падабаецца выступаць аднаму, я раблю гэта ў выключных выпадках. Мне падабаецца паўнавартаснае гучанне, падабаецца, калі за спісой падтрымка. Але гарады часта не цягнуць ганарар, які просіць цэлы гурт. Калі год-два назад мы маглі паехаць на поўдзень Расіі, на Каўказ, Краснадар і атрымаць ганарар, то зараз ледзь дарогу адаб’ем.

 

– Твой канцэрт у Гродне неаднойчы забаранялі. Як ты да гэтага ставішся?

 

– Можа быць, аднаму нейкаму чалавеку ў аблвыканкаме не спадабаліся. Мы ніколі не былі пад забаронай. Мы першапачаткова стараліся стаяць далёка ад палітыкі. Магчыма, з-за таго, што ў нашых тэкстах ёсць нейкая прапаганда марыхуаны. Мне здаецца, праз гадоў дзесяць гэта будзе легалізавана ва ўсім свеце.

 

– Раскажы пра новую праграму, якую ты прадставіў.

 

– Калі музыка застаецца шчырым з сабой і з іншымі, ён песнямі адказвае на пытанні, якія хвалююць яго ў дадзены момант. У сувязі з неспакойным становішчам у свеце атрымаліся такія песні. Песні не вельмі вяселыя, пра вайну. Яны сталі больш палітычнымі. Я спрабаваў трымацца ў боку ад палітыкі, але было б няшчыра, калі б я спяваў пра лета, пра тое, што ў свеце ўсё цудоўна. Нам хапае і БТ, і розных СМІ, якія расказваюць, як усё добра, якія ігнаруюць тое, што адбываецца вакол.

 

У адной з маіх апошніх песен напісана: “Моя совесть на грани последнего вздоха, она мешает мне петь, что все вокруг хорошо, если всё вокруг плохо”. Сумленне не дазваляе мне не заўважаць гэтага жаху. Чыноўнікі ў Расіі крадуць мільёны і мільярды і выходзяць з турмы праз некалькі месяцаў. А людзей, якія скралі вядро бульбы, кажу ўмоўна, саджаюць на два-тры гады.