Гарадзенскія лютэране збіраюць экспанаты для ўласнага музея

Уладзімір Татарнікаў працуе пастарам у Гродне ўжо шэсць гадоў. За гэты час ён заўважыў, што ў гарадзенцаў ёсць вялікая цікавасць да гісторыі горада.


– У апошнія гады госці цікавяцца суполкай лютэран і гісторыяй нашай царквы. Але мы можам расказаць няшмат, бо да нашых дзён дайшло вельмі мала інфармацыі, – кажа пастар. Менавіта таму ў абшчыне вырашылі стварыць музей, які раскажа пра пратэстантаў, што пакаленнямі жылі на Гарадзеншчыне, але вымушаныя былі пакінуць свае дамы.


– Хочам распавесці гісторыi людзей, якія працавалі на мануфактурах у Гродне, і якія будавалі нашу кірху. Наогул, пра ўзнікненне пратэстанцкай царквы на нашых землях. На жаль, сёння многія не ведаюць, што дзіцячы садок насупраць нашай царквы – гэта былыя могілкі, дзе спачываюць людзі. А гэта ж гісторыя нашага горада, – кажа пастар. Ён прыгадвае і генерала Русава, які пахавы на вайсковых могілках па вуліцы Белуша, пра якога гарадзенцы таксама мала ведаюць.


Музей размесцяць у сутарэннях царквы

 

Паколькі ўласных экспанатаў у абшчыны мала, пастар звяртаецца да жыхароў Гродна з просьбай дапамагчы ў іх пошуку. Плануецца падзяліць экспазіцыю на тры часткі: гісторыя пратэстантаў на гарадзенскай зямлі, гісторыя кірхі і сучаснасць.

 

Частка экспанатаў ужо ёсць. Напрыклад, звон 1793 года, які першапачаткова знаходзіўся на кірсе, Біблія 1938 года, а таксама кніга Марціна Лютэра пачатку XX стагодзя.

– На сёння найбольш унікальны экспанат – білет на канцэрт, які праходзіў у кірсе ў пачатку XX стагоддзя. Госці з Польшчы палічылі, што нашай суполцы ён будзе больш патрэбны.

Яшчэ адзін цікавы экспанат знайшлі на даху храма пры замене бляхі. Гэта кляйно 1912 года. Па інфармацыі, якую ўдалося знайсці, пакрыццё даху для гарадзенскай кірхі і Сабора Парыжскай Божай Маці вырабіла адна і тая ж фірма.

 

Музей плануюць размясціць у падвале храма, хутка там пачнуць рабіць рамонт. Як кажа пастар Уладзімір, падзямелле таксама хавае ў сабе некаторыя сакрэты, але пра іх раскажуць пры адкрыцці музея. Канкрэтных дат пакуль няма, яны будуць залежаць ад тэмпаў рамонту падвала, а таксама ад колькасці сабраных экспанатаў.

 

Гарадзенская евангеліцка-лютэранская абшчына была заснавана ў 1779 годзе з лютэран нямецкага паходжання, якіх запрасіў у горад стараста Антоній Тызенгаўз для арганізацыі каралеўскіх мануфактур. Гісторыя кірхі пачынаецца з 20 верасня 1793 года. Кароль Станіслаў Аўгуст падарыў гарадзенскай суполцы лютэран трохпавярховы будынак былой карчмы, якая і была перабудавана ў кірху. Службы вяліся на нямецкай мове, бо большасць лютэран прыехалі з Германіі.

 

Першая і Другая сусветныя войны прывялі гарадзенскую лютэранскую суполку ў заняпад. У гады Першай сусветнай вайны царскія ўлады дэпартавалі немцаў углыб Расіі. Частка абшчыны імігравала. Колькасць лютэран у Беларусі рэзка зменшылася. У 40-х гадах XX стагоддзя тут было ўсяго 1500 лютэран.

 

Абшчына аднавіла сваю дзейнасць у 1993 годзе, а адраджэнне кірхі пачалося ў 1995 годзе пасля вяртання яе вернікам.

 

Каля лютэранскай кірхі пасадзілі першае дрэва новага парку, які з’явіцца ў 2017 годзе

 

У Гродне ўпершыню жэніцца лютэранскі пастар

 

Балкон на Доме пастара ў Гродне патрабуе рэстаўрацыі