Не самыя турыстычныя Канары. Частка IV: Старая сталіца – Лагуна

|

Сёння мы наведаем старую сталіцу выспы – Лагуну. Гэта стары і вельмі ўтульны гарадок з вузенькімі вулачкамі, мініяцюрнымі домікамі і высокімі дрэвамі. Вуліцы запоўненыя столікамі са шматлікімі канарцамі і турыстамі, якія гучна размаўляюць і смяюцца.

 

Утульнасць за непрыступнымі сценамі і Цэнтральны Пальмавы праспект

 

Трапіць у Лагуну можна на аўтамабіле – і тады адчуваеш, як закладвае вушы на трассе з-за рэзкага пад’ёму. Або ўжо вядомым трамваем. Ад набярэжнай, Аўдыторыюма, да канчатковага прыпынку – Лагуны – гэта зойме 40 хвілін. І вы зможаце любавацца краявідамі гораду на фоне акіяну.

 

Я ездзіла ў Лагуну двойчы – надта ж мне спадабалася расслабленая атмасфера гарадка і дужа ён нагадаў мне вуліцы Друскенік з драўлянай архітэктурай – і там і тут твары людзей выражалі бесклапотнасць у акружэнні высокіх соснаў.

 

Некаторыя вуліцы Лагуны нагадвалі непадступныя сцены замку – некалькі маленькіх акенцаў выходзіла на вуліцу ды велічныя дзверы. За аднымі з такіх дзвярэй знаходзіўся інфармацыйны турыстычны цэнтр. Мы можам зайсці і ўявіць жыццё мінулых гаспадароў. Адразу за параднымі дзвярыма нас сустракае ўнутраны дворык з раслінамі і фантанам. Там жа знаходзяцца лесвіцы ўгору, на галерэю. Які дысбаланс са сцяной звонку! Колькі ўтульнасці ў гэтым маленькім дворыкавым свеце!


 

 

А гэтую вуліцу я назвала Цэнтральным Пальмавым праспектам – доўгая пешая алея з лавачкамі, усыпаная дзікімі пладамі фінікаў, паабапал якой – дарожкі для раварыстаў. Побач заўважыла тры дамы па адным праекце – сучасныя “ізбушкі на курыных ножках”, во колькі худзенькіх ножак нарасцілі! На алеі стаіць школа, а пры ёй – сапраўдны парк з вадаёмам, скульптурамі, лавачкамі, нязлічанай колькасцю дзіцячых пляцовак і асобны вадаёмчык з качкамі і курамі.

 

Прыгожыя жаночыя формы любяць усе

 

У самым старым Універсітэце Канараў праходзіла выстава сучаснага мастацтва. Зноў праходзім праз утульны зарослы дворык і акунаемся ў некалькі залаў з выявамі жаночых целаў, выкананымі ў розных тэхніках – тут і аловак, і акварэль, і аплікацыі з часопісаў (гэта калі твар выразаны, а астатняе дамалявана на свой густ). Я сучаснае мастацтва люблю, прыгожыя жаночыя формы любяць наогул усе, а тут яшчэ і фатаграфавацца з карцінамі можна было! Сэлфі выйшлі ўдалыя, але паказываць іх тут публічна не буду (усмешка).

Каля ўніверсітэту кінулася ў вочы царква ў стане разбурэння, пасля пажару, без даху. Заўважна гэта толькі праз адсутнасць дзвярэй, вонкавыя сцены выглядаюць дагледжана.  Зараз былая царква – неафіцыйны каціны прытулак са сталовай з талерачкамі. Здаецца, лепей, за бамжатнік. Прынамсі чысцей.

 


 

А гэта – тыповы канарскі балкончык. Ён часта прадаецца ў сувенірным выглядзе.

 

Урбаністычнае шчасце

 

Паўторна я ездзіла ў Лагуну адна ў будні дзень, прыкладна а 10 раніцы. На вуліцах было пустынна, кавярні яшчэ не працавалі, на Пальмавым праспекце сустракаліся рэдкая сабачнікі і бегуны, а ў школьным парку толькі гусі са мной прывіталіся. Сакрэт Канараў №3 гучыць так: “Калі хочаш на курорце пабыць у адзіноцтве – падыміся рана і ад’едзь ад мора на дзясятак кіламетраў”. Я дайшла да цэнтральнай плошчы, мініяцюрна-лялечнай, з нізкімі домікамі, царквой, кавярнямі і фантанам, і ўладкавалася на лавачцы паслухаць, як прачынаецца горад. І горад пачаў гучаць! Напачатку я падумала, што гук ідзе з яшчэ зачыненай кавярні. Аказалася – з расчыненага балкону на другім паверсе. Адтуль гучаў жывы саксафон!

 

І гэтае ўрбаністычнае шчасце мякка і выпадкова перацекла ў чыста жаночую краму “Камяні”, дзе я прабыла амаль дзве гадзіны, бо папрасіла сабраць мне пацеркі з адабраных камянёў і вулканічнай лавы, якая была пафарбавана стойкай фарбай ва ўсе вядомыя колеры і адценні. Шчасце ж! Сапраўднае жаночае шчасце!

 

 

Працяг будзе…

 

Чытайце таксама:


Не самыя турыстычныя Канары. Частка І: выспа Тэнэрыфэ, пляжы і клімат


Не самыя турыстычныя Канары. Частка ІІ: Санта-Крус – сталіца Тэнэрыфэ


Не самыя турыстычныя Канары. Частка ІІІ: Працягваем пазнаваць Санта-Крус