У гарадзенцаў ёсць яшчэ дзевяць дзён каб ахвяраваць на “Мову”
Новыя беларускія настолкі ўжо можна было пабачыць на тэст-драйвах у гарадзенскай “Краме Ц” і ў мінскай “Арт-Сядзібе”.
“Мова” і “Гаспадар цмокаў” – цалкам аўтарскія распрацоўкі, а не аналагі папулярных у свеце гульняў, як папярэднія беларускія настолкі “Паўстанцы” ці “Разам”. Калі першы праект – сацыяльны, то другі – цалкам камерцыйны, накіраваны не толькі на Беларусь, але і на рынак Расіі і ўсяго СНД.
У “Мове” цэлых пяць варыянтаў правіл: ад простых да складаных. Мэта гульні – не толькі добра правесці час, але і палепшыць веданне беларускай мовы. У адным з варыянтаў гульцы па чарзе загадваюць словы на пэўную тэму і даюць іншым падказкі. Слова павінна адгадаць як мага менш чалавек, але калі не адгадае ніхто, то той, хто загадаў, таксама не атрымае ачкоў.
Ідэя гульні з’явілася ва ўладальніка крамы-клуба “Кубік” Антося Янкоўскага год таму паміж заняткамі “Мова Нанова”, на якіх ён з’яўляецца вядучым.
“Заняткі адбываюцца раз у тыдзень, але паміж імі таксама можна вывучаць мову і пазнаваць новыя словы”, – тлумачыць прызначэнне гульні аўтар. Распрацоўка гарадзенцаў павінна дапамагчы тым, каму не хапае сіл, часу, асяроддзя ці абставін, каб размаўляць больш па-беларуску.
Гульня займае ад 15 хвілін да гадзіны, гуляць могуць ад двух да васьмі чалавек.
У каробцы пакупнік знойдзе 50 картак “Тэма” з простымі і не вельмі словамі, 34 карткі “Алфавіт”, 8 картак “Узровень ведаў”, карткі “так” і “не”, 36 жэтонаў “Ў” і правілы гульні.
Хоць ідэя з’явілася яшчэ мінулай восенню, працы пачаліся ў канцы лета, калі з’явілася творчая кампанія “А4”. Зараз гульня амаль што гатовая, ужо надрукаваны тэставы экземпляр. Каб сабраць грошы на выданне паўнавартаснага накладу ў добрай якасці аўтары запусцілі кампанію на краўдфандзінгавай платформе “Талакошт”.
На выданне гульні патрэбна 62 млн рублёў, сабрана пакуль што 13,7 млн. Яшчэ 10 млн паабяцала адна з крамаў настольных гульняў. Да канца збору сродкаў застаецца яшчэ 9 дзён. Каб атрымаць грошы, аўтары гульні павінны сабраць не менш за 25% ад сумы, пакуль што сабрана 22%.
Ахвяраваўшы зараз, вы атрымаеце гульню за 100 тыс. рублёў. Пасля выдання яна будзе каштаваць 150-170 тыс. рублёў.
Аўтары паабяцалі, што калі збяруць у два разы больш за патрэбную суму, яны за гэтыя грошы дадаткова выдадуць яшчэ настолку “Гаспадар цмокаў”. Калі “Мова” – адукацыйная гульня, то “Гаспадар цмокаў” – значна весялейшая гульня на рэакцыю і хуткасць, якая па механіцы нагадвае папулярныя “Барабашку” ці Jungle Speed.
У “цмоках” трэба вельмі хутка і правільна выбіраць аднаго з чатырох цмокаў для палявання на розных жывёл, уцякаць ад вялікага цмока, які адбірае ў малых ежу ды выпадкова не напасці на чалавека. Самы ўважлівы і хуткі гулец, які збярэ цмокаў зямлі, паветра, вады і падзямелляў, зможа прыручыць Залатога цмока і так перамагчы ў гульні. Праўда, па дарозе можна адбіць пальцы ці нават паламаць пазногці – змаганне за цмокаў і ежу можа быць сапраўды жорсткім.
Калі на “Мове” наўрад ці заробіш – праект ствараецца дзеля ідэі, то з “цмокамі” каманда А4 хоча выйсці на ўвесь рускамоўны рынак. “Правілы і афармленне гульні будуць на дзвюх мовах: рускай і беларускай. Магчыма, зробім правілы і на англійскай”, – кажа Антось Янкоўскі. Дамоўленасці наконт распаўсюджвання гульні ў Расіі ўжо ёсць. Гульня павінна спадабацца людзям усіх узростаў: і дзецям, і дарослым.
Фота Вольгі Мілавай