З’явілася анлайн-карта гродзенскага гета з фотаздымкамі

|

Далёка не кожны гродзенец можа дабрацца да ўспамінаў вязняў гродзенскага гета. Некаторыя надрукаваныя вельмі даўно, а некаторыя ніколі не перакладаліся на рускую ці беларускую мовы. Яшчэ цяжэй “пакласці” тыя ці іншыя ўспаміны ці факты на канкрэтныя месцы ў горадзе – будынкі, плошчы, вуліцы.

 

Успамінаем гета мы звычайна толькі каля вялікай харальнай сінагогі або каля мемарыяльнай табліцы ля былога ўвахода ў гета на вуліцы Замкавай. Між тым, па горадзе яшчэ раскідана шмат артэфактаў, звязаных з трагічнымі падзеямі 1941-1944 гг. Узяць хоць бы лесвіцу на Завершчызну, зробленую з яўрэйскіх надмагілляў па загаду фашыстаў. Гэта самы жывы і аўтэнтычны помнік трагедыі Халакосту.

 

Часам да гісторыкаў даходзіць інфармацыя пра адшуканыя будаўнікамі яўрэйскія схроны ў былым гета, або пра схованкі з сямейнымі фотаздымкамі ды рэлігійнымі рэчамі, што засталіся з часоў вайны. Усё гэта трэба было неяк аб’яднаць “пад адной вокладкай”. Нават вызначыць межы гета №1 і №2 – ужо досыць складаная даследчая праблема.

 

На карце, якую можа паглядзець кожны жадаючы і здзейсніць па яе мясцінах невялікую вандроўку, паказаныя больш за два дзясяткі аб’ектаў, звязаных з гета. Таксама ў апісанні карты можна спампаваць том матэрыялаў пра знішчэнне фашыстамі гродзенскіх яўрэяў і спісам усіх падаткаплацельшчыкаў-яўрэяў горада напярэдадні Другой сусветнай вайны.

 

 

Гарадзенскія габрэі, што перажылі вайну, вяртаюцца на Радзіму. Дзве гісторыі выжыўшых

 

Гісторыя фотаархіва, знойдзенага ў падвалах разбуранага дома на Антонава