Зноў буйное паражэнне “Нёмана”. У каманды ёсць два тыдні каб выправіць становішча

|

Два дні таму, 8 снежня, каманды сустракаліся ў Гродне, і там “гарнякі” абыгралі “Нёман” з лікам 5:1. Пасля ганебнага паражэння гарадзенскія заўзятары патрабавалі рэваншу.

 

У Салігорску ўжо на першай хвіліне, дзякуючы актыўнаму старту, каманда Мілаша Голаня адкрыла лік – вызначыўся Мянцюк. Але праз 10 хвілін гаспадары выраўноўваюць лік дзякуючы шайбе Маліноўскога. А ў пачатку другога перыяду ён жа выводзіць “Шахцёр” наперад.

 

Трэцюю шайбу ў канцоўцы другой дваццаціхвілінкі пры лікавай перавазе закінуў Андрушчанка. Ён жа і паставіў кропку ў канцы матчу, зрабіўшы канчатковы лiк 4:1 на карысць сваёй каманды.

 

“Шахцёр” – “Нёман” 4:1 (1:1, 2:0, 1:0)

 

Галы:

01.21 0:1 – Мянцюк
11.29 1:1 – Маліноўскі (Карабанаў)
23.10 2:1 – Маліноўскі (Рак, Ляўко)
37.28 3:1 – Андрушчанка (Усенка, Дзямкоў, – бол.)
57.46 4:1 – Андрушчанка (Дзямкоў)

 

Гэта ўжо трэцяе запар буйное паражэнне “Нёмана”. Пасля ўдалага старту ў Другім этапе, гарадзенцы страцілі частку сваіх асноўных гульцоў і лідарам чэмпіянату “Шахцёру” і “Юнацтву” папросту не змаглі супрацьстаяць. Верагодней усяму гэта і служыць асноўнай прычынай буйных паражэнняў. Так лічыць і галоўны трэнер гарадзенскай каманды.

 

Мы звярнуліся да спецыялістаў гарадзенскага хакея, каб даведацца іх меркаванне пра гэтую сітуацыю.

 

Уладзімір Кульбіцкіспартыўны аглядальнік

 

Я адношуся да тых людзей, якія лічаць, што пасыпаць галаву попелам пасля двух паражэнняў ад “Шахцёра” і ад “Юнацтва” не варта. Раней былі бітыя “Металург” і “Гомель”. У той кадравай сітуацыі, у якой апынуўся “Нёман”, я лічу, выціснулі проста максімум з таго, што рэальна маглі.

Калі гаварыць шчыра, і ў “Юнацтва”, і ў “Шахцёра” склад даўжэйшы і майстравіцейшы. Наперадзе міжнародная паўза, якая дазволіць залячыць балячкі, падцягнуць сякія-такія тактычныя моманты і рвануць у бой.


Сяргей Селівон, заўзятар гарадзенскага “Нёмана”


– Вынікі, канешне, засмучаюць. Быў вельмі ўдалы выезд на Палессе, пасля якога думалася, што будзе нейкі эмацыянальны ўздым, але пасля матчаў з “Юнацтвам” і “Шахцёрам” настрой зусім іншы. Калі казаць пра прычыны гэтых вынікаў, то трэба адзначыць, што, увогуле, мы гуляем вельмі дрэнна і з “гарнякамі” і з мінчанамі. У сямі праведзеных матчах мы змаглі ўзяць толькі адно ачко пры розніцы шайб 11-32, таму, калі не выправім гэтую сітуацыю, марыць аб тым, што ў плэй-оф усё карэнным чынам зменіцца не трэба. Цуды ў хакеі, канешне, бываюць, але толькі ў адным асобна ўзятым матчы. 


Канешне, нельга не сказаць і пра вялікую колькасць траўмаў. Гэта наклала вялікі адбітак на вынікі. Для кагосьці гэтая сітуацыя служыць апраўданнем вынікаў, але не для мяне. Я лічу, што спасылацца на гэта можна, калі каманда саступіла з мінімальным лікам і дзесці хлопцам не хапіла партнёра ці сілаў на канцоўку гульні, а не ў матчах, калі зыход вырашаны ужо ў сярэдзіне гульні, ці, што горш, ужо ў першым перыядзе.


Дарэчы, вялікая колькасць траўм у хакеі заўседы ўздымае і пытанні да трэнерскага штабу, ці канкрэтна да чалавека, які займаецца фізічнымі кандыцыямі ігракоў. Лічу, што і нам ужо варта задаваць такія пытанні, таму што колькасць пашкодджанняў дасягнула такой лічбы, пры каторай казаць аб тым, што гэта злы рок ці супадзенне, ужо не прыходзіцца.


Зараз вельмі своечасова для нас падаспела паўза, што дасць магчымасць перавесці дух, падлячыць хлопцаў і з новымі сіламі ў бой. Гэта наш галоўны рэзерв узмацнення гульні. Ну і не забываемся на тое, што ў нас яшчэ ёсць адно вольнае месца для легіянера.

 

Пасля паражэння ад “Шахцёра” гарадзенцы знаходзяцца на 4 радку і маюць у сваім актыве 56 ачкоў.

align=”” width=”725″ height=”142″ > 

Чэмпіянат Беларусі адновіцца 24 снежня, калі ў Гродне “Нёман” будзе прымаць “Юнацтва”.