Грог, імбірны чай, зёлкавая гарбата: смакуем зімовыя напоі ў гарадзенскіх кавярнях

|

Чым грэюцца суседзі?

 

У суседняй Польшчы ці не кожная кавярня прапануе некалькі сагравальных напояў. Рознага кшталту “гжанцы” дапамагаюць калі ўжо не палюбіць хмурае і халоднае надвор’е, то хаця б прымірыцца з ім.

 

Керамічны кубачак з гарачым пітным мёдам падаецца па падстаўцы са свечкай. І глядзець прыемна, і піць смачна


Грэтае піва (у тым ліку безалкагольнае) тут прынята падаваць з сіропам і сушанымі ягадамі. Найбольш папулярны “зімовы” смак – журавінавы


Яшчэ адзін традыцыйны польскі “гжанец” – гарачы яблычны сок са спецыямі


Традыцыйна – зёлкавая гарбата

 

Беларускую зіму, поводле гарадзенскіх уражанняў, найперш прадстаўляе фірмовая старабеларуская зёлкавая гарбата ад  “Карчмы”.

 

Гарбата запарваецца ў імбрыку, асобна падаецца керамічны кубак на сподку і лыжка. У цану гарбаты, якая складае 20 000 рублёў, уваходзіць таксама 25 г натуральнага мёду. Сумесь зёлкаў складаецца з чабору, бруснікі, мяты і зверабою з дадаткам зялёнага чаю. Поводле супрацоўнікаў, усе зёлкі набываюцца ў аптэцы, сумесь у неабходных прапорцыях робяць на месцы.

 

Гарачы напой з беларускай традыцыі – зёлкавая гарбата, ёсць толькі ў “Карчме”. Астатнія кавярні прапануюць “заморскія” рэцэпты для сугрэву.

 

Смак і водар гарбаты мяккія і вельмі прыемныя. Яны заспакойваюць і разнявольваюць, здымаюць заціснутасць. Адчуваецца цяпло летняга лесу. Кубак прыемна трымаць у руках, грэць ім далоні. Зручна, што падаецца напой у імбрыку – ён доўга трымае тэмпературу, можна даліваць ў кубак па жаданню.

 

Сагравае і бадзёрыць – імбірны чай

 

Кавярня “Раскоша” прапануе сагрэцца імбірным чаем з апельсінавым сокам. З мёдам такі напой каштуе 43 600 рублёў, без мёду – 27 100. У склад абодвух напояў уваходзіць сок і мякаць свежага апельсіна і цёрты корань свежага імбіра. Гарачае пітво адначасова сагравае і бадзерыць, надае энергіі. 

 

Імбірны чай з апельсінавым сокам у “Раскошы” мае густаватую кансістэнцыю, імбір адразу дае адчуванне цяпла, смак апельсіна яго ўдала змякчае і дапаўняе

 

Глінтвейн у меню кавярні пазначаны толькі з віном, але на замову зрабілі аналагічны напой з чырвоным вінаградным сокам. Для прыгатавання безалкагольнага глінтвейну паводле “Раскошы”, апроч згаданага соку, патрабуецца яшчэ некалькі кавалкаў свежага апельсіна са скуркай, цынамон, гваздзіка і штучны мёд. Цана напоя 26 000 рублёў.

 

Безалкагольны глінтвейн з “Раскошы” мае насычаны смак і прыгожы колер. Набор спецый традыцыйны еўрапейскі. Тэмпература кубка і наяўнасць пенкі на паверхні сведчаць, што прыгатавалі яго па правілах – не даводзілі да кіпення, а толькі нагрэлі


Безалкагольны глінтвейн смакуе добра, трохі выбіваецца з агульнага букету смак штучнага мёду, але гэта, вядома, пытанне густаў.

 

Сінтэтычны смак – зімовыя чаі з сіропамі

 

Кавярня Pizza Smile таксама мае шэраг прапановаў, каторыя можна аднесці да зімовых. З безалкагольных гэта пераважна рознага роду гарбата з дадаткамі сокаў і сіропаў – персікавага,  з ажынаў, клубніц ды іншых. На пробу быў абраны вішнёвы смак. Паводле меню, у склад напою апроч чорнага чаю ўваходзяць вішнёвы сок, сіроп з вішань і клубніц і кактэйльныя вішні. За кубак такой гарбаты трэба заплаціць 35 000 рублёў. 

 

Чорны чай са смакам вішні ад “Піца-смайл”. Пераважна ў напоі адчуваецца трохі сінтэтычны смак сіропаў


Напой, якога няма ў меню – гарачы яблычны сок па рэцэпце глінтвейна

 

Арт-кавярня “Палітра” не мае прапісаных у меню безалкагольных зімовых напояў, але тут згадзіліся прыгатаваць напой паводле сваёй рэцэптуры глінтвейна, замяніўшы віно на сок. З прапанаванага набору сокаў спынілі выбар на яблычным.

 

Гарачы яблычны сок са спецыямі паводле рэцэпта глінтвейна ад “Палітры”


Напой атрымаўся з салодка-кіславатым смакам і лёгкім водарам спецый. Выразна адчувалася прысутнасць кардамону і гваздзікі, прысутнічалі таксама цэдра апельсіна і лімона, цынамон. Разам з напоем прапанавалі пакетаваны цукар. Коштавала зімовая смакотка 17 900 рублёў.

 

Абмеркаваць склад з барыстам – грог на аснове зялёнага чаю і імбірнага віна

 

Кавярня “Наша кава” мае ў меню некалькі відаў грога і глінтвейна з алкаголем у складзе, але на замову тут гатуюць і безалкагольныя сагравальныя напоі. Для асновы глінтвейна можна выбраць чырвоны вінаградны і яблычны сок, альбо журавінавы морс. Вырашылі зрабіць арыгінальны выбар – паспрабаваць глінтвейн з журавінавым морсам. Шклянка такога напою абыдзецца прыкладна ў 40 000.

 

У празрыстым кубку з глінвейнам можна было ўбачыць сушаны чарнасліў і абрыкос, традыцыйныя гваздзіку і цынамон. Запытаўшыся вашай згоды, прапануюць дадаць больш спецэфічныя і яркія  спецыі – аніс, кардамон ці іншыя


Таксама на замову гатуюць у “Нашай каве” і безалкагольны грог. Аснову напоя складае зялёная гарбата. Асноўным сагравальным кампанентам выступае “імбірнае віно” – насамрэч, безалкагольны сіроп з імбіру. У грог дадаецца лыжка натуральнага мёду, скрыдлік лімону, некалькі свежых журавін, пара кавалачкаў свежага імбіру і традыцыйныя спецыі. Камернасць кавярні дазваляе непасрэдна абмеркаваць з барыстам пажаданы букет спецый, смак каторых хочацца знайсці ў сваім кубку. 

 

У кавяні “Наша кава” можна бачыць, як гатуецца твой напой і нават стаць яго суаўтарам. Напрыклад, выбраўшы найбольш любімую з прапанаваных спецый


Гэтым разам апроч гваздзікі вырашана было дадаць кардамон і аніс (выгляд – на першым здымку артыкула). Атрымалася вельмі смачна і па зімоваму настраёва. Імбір даў хуткае цяпло, а ноткі спецый раскрываліся паступова, ствараючы ўражанне, што кожны глыток спрабуеш новы напой. Кубак грогу абышоўся ў 45 000 рублёў.

 

Вядомы літаратурны балагур Васіль Цёркін прасіў у лекара “изнутри погреться” маючы на ўвазе спірт. “У Гродна ўсё можна, –  адкажам Цёркіну, – нават пагрэцца”. І што галоўнае, без алкаголю. Так, як доктар прапісаў.

 

Чытай больш

 

Кава ці … кава? Замаўляем амерыкана ў гарадзенскіх кавярнях

Кава ці …кава? Замаўляем латэ ў гарадзенскіх кавярнях