Рабочыя холдынгу “ЗОВ” баяцца, што праз праблемы прадпрыемства яны страцяць працу
“На гэтым прадпрыемстве працуе 2,6 тыс. чалавек, з іх 1,6 тыс. з’яўляюцца чальцамі прафсаюза”, – расказала намеснік старшыні ФПБ Алена Манкевіч на пасяджэнні Нацыянальнай рады па працоўных і сацыяльных пытаннях. Па яе словах, 2000 патэнцыйных беспрацоўных – вельмі высокі паказчык для Гродна.
Намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Уладзімір Сямашка заявіў, што даручыць старшыні канцэрна “Беллеспаперапрам” Юрыю Назараву разабрацца ў сітуацыі. “Па сваіх паказчыках і ўзроўню прадукцыі, аб’ёмах экспарту (каля 90%) гэта адно з найлепшых прадпрыемстваў у сістэме канцэрна. Таму мы разбярэмся з гэтай справай”, – паабяцаў ён.
Праблемы канцэрна “ЗОВ” пачаліся ў лютым 2015 года, калі КДБ затрымала асноўнага ўладальніка кампаніі Алега Зухавіцкага. Яго звінавацілі ў махлярстве, ухіленні ад выплаты падаткаў і вывадзе грошай за мяжу. Пасля таго, як ён кампенсаваў дзяржаве страты, яго выпусцілі. Паўторна яго затрымалі ў пачатку лістапада. КДБ тады паведаміў, што, нібыта, адкрыліся новыя факты ў гэтай справе.