Яўген Ляшко атрымаў узнагароду як лепшы гулец футбольнага “Нёмана” па версіі чытачоў “Твайго стылю”

|

Нагадаем, гарадзенскі абаронца набраў самую вялікую колькасць галасоў і стаў лепшым па версіі нашых чытачоў у сезоне 2015 года.


“Нечакана і вельмі прыемна быць лепшым. Добры падарунак, тым больш з сімволікай клуба. Я думаю, што кожнаму футбалісту ў нашай камандзе было б прыемна атрымаць такі”, – кажа Яўген.


“Варта адзначыць, што гэта ў мяне першы сезон у Вышэйшай лізе. Дэбют адбыўся ў 1/4 фіналу Кубка з БАТЭ. Магчыма, гэтага б і не было, калі б не збег абставін. Дзякуй трэнерскаму штабу на чале з Сяргеем Саладоўнікавым за тое, што далі мне шанец праявіць сябе. Дзякуючы гэтаму я адыграў некалькі матчаў за маладзёжную зборную. Веру, што гэта не мяжа і ў будучыні яшчэ больш буду радаваць заўзятараў. Толькі Нёман, толькі Гродна!”

 

За ўвесь сезон Яўген Ляшко правёў 19 матчаў і атрымаў тры жоўтыя карткі. Абаронца паспяхова ўпісаўся ў асноўны склад жоўта-зялёных і хутка здолеў замяніць Дзмітрыя Раўнейку, які ў канцы мінулага сезону завяршыў футбольную кар’еру. Наогул, смела можам назваць Яўгена не толькі лепшым па версіі чытачоў нашага сайта, але таксама i адкрыццём года.

 

Нарадзіўся Яўген у 1996 годзе ў вёсцы Луцкаўляны Гродзенскай вобласці. Абаронца з’яўляецца выхаванцам футбольнай школы ДЮСШ “Белкард”. У “Нёмане” Яўген дэбютаваў у 19 гадоў. Тады, 21 сакавіка 2015 года, у гасцявым матчы 1/4 Кубка Беларусі супраць барысаўскага БАТЭ, абаронца правёў увесь матч. Дэбют маладога футбаліста ў Вышэйшай Лізе адбыўся 18 красавіка 2015 года. У матчы 2-га тура Яўген таксама выйшаў у старце супраць Гомеля і адыграў увесь матч.

 

Памятны прыз быў падрыхтаваны пры падтрымцы “Твайго стылю”, “Карпарацыі спорту”, а таксама спортбара “Ліга”.

 

У хуткім часе чакайце поўнае інтэрв’ю з маладым абаронцам.